А можа пайсці ў семінарыю?

Кожны, хто хоць калі-небудзь задумваўся над пытаннем, ці не пайсці ў семінарыю, становіцца перад дылемай: маё гэта або мне пашукаць іншыя варыянты. Насамрэч, вырашыць гэтую спрэчнасць можна толькі канкрэтным дзеяннем: ісці ці ўсё-такі не ісці. Але калі тэма святарскага паклікання хвалюе чалавека працяглы час, то, згодна з папярэднім сцверджаннем, трэба ісці. І вось якім тэкстам Святое Пісанне падбадзёрвае тых, хто адважыўся: “Раней, чым Я ўтварыў цябе ў чэраве, Я пазнаў цябе, і раней, чым ты выйшаў з нутра, Я асвяціў цябе: прарокам народам паставіў цябе”. 

“Трэба ісці,” – кажуць таксама семінарысты. Дарэчы, каб заналізаваць пэўнасць гэтых слоў, варта разгледзець умоўна дзве стадыі “семінарыйнай думкі”: пасля пачатку і перад вырашальным фінішам. Таму сустрэнемся з прадстаўніком 2-га і 5-га курсаў. Сем. Юрый Бондар падкрэслівае семінарыю як дом: “Вядома, нават не ў сэнсе ўтульнасці і спакою, а проста таму, што сюды хочацца вяртацца.” Цяпер вернемся да таго, каму “трэба ісці”. Дык вось, аказваецца трапляе пакліканы чалавек у дом. Толькі вось “дом” яшчэ патрэбна ўбачыць. Бо ёсць расклад дня, які пакідае не так шмат месца для прыватных заняткаў – але ж выпрацоўвае ўменне шанаваць і свой час і час бліжніх; ёсць сталоўка, дзе харчуешся супольнай простай ежай – каб усведаміць, што па-над асабістымі густамі стаіць братэрства; ёсць патрабаванні да стылю паводзінаў – бо, пакорна змагаючыся з сабой, можна здабыць для Хрыста ўвесь свет. Такім чынам, і пашана да часу, і братэрства, і пакора – вось рысы, якія характарызуюць семінарыйны дом. І, паводле сем. Юрыя Бондара, з’яўляюцца найлепшымі характарыстыкамі таго дому, пошукамі якога заклапочаны пакліканы.

Пяты курс вылучае элемент “вучня”. “Каб быць добрым вучнем свайго Пана, трэба быць добрым вучнем семінарыі. Але Хрыстовы вучань – гэта не абавязкова той, каму падабаецца ўсё і хто ўсё ведае на выдатна. Мы, семінарысты, памятаем і стараемся рэалізаваць узор таго, хто бярэ крыж і ідзе за Езусам,” – мяркуе сем. Аляксандр Шупенька. Сапраўды, не ўсім можа падабацца гамілетыка ці катэхетыка, але парадокс: нават у нелюбімым семінарыст можа заўважыць сэнс, можа паглыбіць сваё бачанне святарства – і тады раптам стане і гамілетыка, і катэхетыка сапраўды нечым важным. 

І ўжо цытата, якую выказваюць усе семінарысты: праз час падрыхтоўкі павінна праходзіць безупынная малітва. Таму хлопцы умеюць маліцца і … гуляць у футбол, глядзець навіны і фільмы, слухаць музыку і пісаць музыку, адпачываць і размаўляць не пра семінарыю. Звычайнае жыццё, якое малітва робіць незвычайнай. Тая малітва, якая выражаецца ў пастаянным шуканні Бога, у ва ўсім “свяціся Імя Тваё.” Так, не можна гэтага дасягнуць адразу. Час – 6 год. І тады “калі будзеце тымі, кім павінны быць, запаліце сабой увесь свет” (св. Кацярына Сіенская).

 кс. Валерый Марціноўскі

Кантакты

Леніна 16, 
225710, г. Пінск, Брэсцкая вобл.

Тэл. для даведак: (0165)65 41 45;      +375 256 044 186
Для лістоў:  Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.

Супольнасць ў сацыяльных сетках: