Слуга Божы ксёндз біскуп Зыгмунт Лазінскі

Зыгмунт Лазінскі нарадзіўся 5 чэрвеня 1870 г. у маёнтку Барацін каля Навагрудка ў сям’і Уладыслава Альберта і Людвікі Марыі з дому Чэчат. Вучыўся ў класічнай гімназіі ў Варшаве. Сваю першую камунію прыняў 11 чэрвеня 1883 г. у касцёле айцоў кармелітаў у Варшаве. Ад свайго дзядзькі кс. Вітольда Чэчата, духоўнага айца Пецярбургскай семінарыі, атрымаў тады абразок з надпісам: “Зыгмусю, верна захоўвай тое, што абяцаў Пану Езусу ў дзень Першай Святой Камуніі”. У тым жа годзе атрымаў у Варшаўскай катэдры сакрамэнт бежмавання. У 1887 г. Зыгмунт паехаў працягваць вучобу ў Пецярбург, дзе жыў у будынку семінарыі пад апекай дзядзькі. Тады ж ён адчуў пакліканне да святарства. Вучыўся два гады ў семінарыі, а потым у Духоўнай Акадэміі. Святарскае пасвячэнне атрымаў 23 чэрвеня 1895 г.

Ад моманту пасвячэння ў святары З. Лазінскі актыўна займаўся душпастырствам, навуковай працай і выкладаннем у семінарыі. Выконваў абавязкі вікарыя ў Смаленску, Туле і Рызе, быў пробашчам у Волчкавічах, Анопалі і Мінскай катэдры. З. Лазінскага характарызавала непахіснасць у справе абароны каталіцкай веры. Так, напрыклад, за абарону свайго брата, які адмовіўся ўдзельнічаць у праваслаўным набажэнстве, кс. Зыгмунт быў сасланы царскімі ўладамі ў Латвію ў Аглону, дзе прабываў да 1900 г. Потым зноў працягваў працу ў якасці прафесара Пецярбургскай семінарыі. 2 лістапада 1917 г. Папа Бенедыкт Х

Бенедыкт XV менаваў яго біскупам адноўленай Мінскай дыяцэзіі. Кансэкрацыя адбылася 28 ліпеня 1918 г. у Варшаве. Але па прычыне неспрыяльнага палітычнага клімату (падзеі пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 г.) кс. З. Лазінскі знаходзіўся ў Мінску толькі да 1921 г. За гэты кароткі час ён двойчы арыштоўваўся савецкай уладай. Выехаць у Польшчу ўдалося толькі праз тры месяцы пасля заключэння Рыжскай мірнай дамовы1. У 1925 г. Папа Пій ХІ даручыў яму новаўтвораную Пінскую дыяцэзію.

Біскуп Загмунт Лазінскі цалкам аддаваўся душпастырскай службе, на якую яго натхняла любоў да Бога і бліжняга. Ён меў яснае ўсведамленне велічы дару ўдзелу ў Хрыстовым Святарстве праз біскупскую кансэкрацыю, але разам з тым адчуваў уласную слабасць і недасканаласць. Ён умеў бясконца давяраць Божаму Провіду і адначасова рэалістычна глядзець на розныя матэрыяльныя справы. Адзначала біскупа Зыгмунта Лазінскага глыбокая пашана і набажэнства да Маці Божай, наследванне Яе цнотаў, а таксама культ Эўхарыстычнага Хрыста. Да канца жыцця пастыр святкаваў кожную гадавіну Першай Святой Камуніі, часта праводзіў ночы, лежачы крыжам перад табернакулюмам.

Найважнейшымі цнотамі, якімі павінен валодаць святар, Зыгмунт Лазінскі лічыў любоў да бліжніх, жывую веру, любоў да Бога і Касцёла, паслухмянасць біскупу, разважлівасць і апостальскую адвагу. У яго асабістым жыцці яны не аднойчы адкрыта праяўляліся. Узгадваюць, што пэўнага разу біскуп аддаў бедным усе свае грошы да апошняга злотага, а калі грошы скончыліся, то гатовы быў зняць з сябе футра, каб аддаць яго ўбогім. Падчас паездак на цягніках біскуп карыстаўся выключна вагонамі трэцяга класа. Звычайнай справай было, калі Эксцэленцыя дапамагаў на вакзале якой-небудзь старой жанчыне падносіць рэчы альбо суцяшаў плачучае дзіцяці.

З. Лазінскага характарызавала і вялікая хрысціянская любоў да Айчыны. Вызнаючы сябе палякам, біскуп талерантна і з шацункам адносіўся да прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцей і веравызнанняў, насіў у сваім сэрцы памяць аб Рэчы Паспалітай Трох Народаў, быў праціўнікам усялякага шавінізму і нецярпімасці. Ягонымі супрацоўнікамі былі не толькі ксяндзы палякі, але і вядомыя дзеячы беларускага хрысціянскага адраджэння ксяндзы Ф. Абрантовіч і Л. Хвецька. Зыгмунт Лазінскі марыў і аб адзінстве ўсіх хрысціян. З гэтай мэтай часта арганізоўваў унійныя канферэнцыі, клапаціўся, каб клерыкі ведалі ўсходнюю літургію, прыгажосць якой сам вельмі цаніў.

На карысць чысцовых душ ён адмовіўся ад малітваў, якія будуць узносіцца да неба пасля яго смерці. Жудасныя пакуты апошніх дзён свайго жыцця прымаў з радасцю і прасіў, каб яго будзілі, калі надыдзе апошняя хвіліна, бо “не хацеў бы праспаць прыгожую хвіліну, якою з’яўляецца смерць у жыцці чалавека”. З. Лазінскі адышоў да Бога як верны Яго слуга ў Вялікую Суботу, 26 сакавіка 1932 г.


1Рыжская мірная дамова – пагадненне, заключанае 3 сакавіка 1921 г. у Рызе паміж РСФСР і УССР з аднаго боку і Польшчай з другога аб спыненні савецка-польскай вайны 1920 г. У выніку гэтай дамовы ў Польшчу змаглі выехаць некаторыя каталіцкія святары і свецкія асобы польскай нацыянальнасці, якія да таго часу знаходзіліся ў савецкіх турмах. Паводле гэтай жа дамовы Беларусь да 1939 г. была падзелена на Заходнюю і Усходнюю. Заходнія землі Беларусі ўвайшлі ў склад ІІ Рэчы Паспалітай.

Юрый Дрозд, семінарыст

Кантакты

Леніна 16, 
225710, г. Пінск, Брэсцкая вобл.

Тэл. для даведак: (0165)65 41 45;      +375 256 044 186
Для лістоў:  Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.

Супольнасць ў сацыяльных сетках: