Найвялікшы вучоны сярод святых і найвялікшы святы сярод навукоўцаў

Святы Тамаш Аквінскі, вялікі філосаф і тэолаг хрысціянскага Захаду, нарадзіўся ў пачатку 1225 года ў замку Рока Сэка (Сухая Скала) ў заможнай арыстакратычнай сям’і. Бацька Тамаша Ландульф паходзіў з Ламбардыі, а маці Тэадора Аквітанская належала да шляхецкага роду, карані якога паходзяць з Нармандыі. У сям’і Ландульфа і Тэадоры Тамаш быў самым малодшым сынам. Будучы святы меў трох старэйшых братоў і некалькі сясцёр. Два браты Тамаша – Аймо і Рынальдо – звязалі сваё жыццё з рыцарскай службай, а род заняткаў трэцяга брата, Ландульфа, нам невядомы.

У 1230 годзе бацькі, паводле традыцыі, аддалі пяцігадовага Тамаша на выхаванне ў бенедыктынскі кляштар Монтэ Касіно. Паколькі ён быў наймалодшым сынам, яго ахвяравалі на службу Богу. Родныя і блізкія спадзяваліся, што ў будучым хлопчык стане абатам гэтага ж кляштара, чым запэўніць сабе бесклапотнае існаванне і прэстыж сям’і, аднак Божы Провід распарадзіўся іншым чынам. Па невядомых прычынах Тамаш, будучы юнаком, пакінуў муры кляштара і вырушыў на вучобу ў Неапаль ва універсітэт.

Універсітэт у Неапалі, інакш Studium generale, сваёй першачарговай мэтай ставіў падрыхтоўку будучых дзяржаўных саноўнікаў. Таму вельмі вялікая ўвага там надавалася вывучэнню права. Вывучалі таксама і філасофію, у тым ліку Арыстоцеля. У Неапалі Тамаш пазнаёміўся з філасофскімі дактрынамі свайго часу і дакрануўся да мудрасці старажытнагрэчаскіх філосафаў пад кіраўніцтвам Пятра Ірландца. Самае галоўнае тое, што менавіта ў Неапалі Тамаш сустрэўся з манахамі дамініканскага ордэну, які нядаўна быў заснаваны. Прыкладна ў 1244 годзе пасля смерці бацькі ён і сам апрануў дамініканскі хабіт. Родныя Тамаша не адобрылі такі выбар і адразу ж пачалі рабіць спробы схіліць яго да выхаду з жабрацкага ордэну. Калі не дапамаглі размовы і ўгаворы, браты падаслалі да Тамаша куртызанку, паабяцаўшы абсыпаць яе золатам, калі здолее спакусіць маладога законніка. Калі жанчына ўвайшла ў пакой, Тамаш дастаў з каміну палаючае палена і выгнаў яе прэч. Ёсць таксама паданне аб тым, як аднойчы браты выкралі Тамаша з кляштара і пасадзілі ў вежу ў радавым замку, каб раз і назаўсёды адбіць у яго ахвоту ісці па выбранай дарозе. Толькі дзякуючы сваім любячым сёстрам ён змог спусціцца з вежы па вяроўцы і ўцячы з дому. Пакінуўшы бацькоўскі дом, у 1245 годзе Тамаш адправіўся ў Парыж спасцігаць тэалогію.

У  Парыжы Тамаш Аквінскі вучыўся тры гады. Там ён сустрэў свайго будучага настаўніка, выдатнага і таленавітага філосафа Альберта Вялікага. Альберт быў найслаўнейшым знаўцам і каментатарам Арыстоцеля, але часта змешваў арыстоцелеўскія і неаплатонаўскія ідэі, меў цяжкую і заблытаную мову. Свайму вучню ён дапамог заглыбіцца ў творы старажытнагрэчаскага мысліцеля. Пазней Тамаш пераўзышоў свайго настаўніка. Да таго ж стыль разважанняў Тамаша быў ясны і даступны. У 1248 годзе ён разам з Альбертам пераехаў у Кёльн. У гэты перыяд свайго жыцця прыняў сакрамэнт святарства.

Пасля атрымання ў 1252 годзе ступені бакалаўра біблійных навук Тамаш быў накіраваны ордэнам ў парыжскую Сарбону для выкладчыцкай працы на заснаванай дамініканцамі катэдры. Два гады ён каментаваў студэнтам Святое Пісанне, а з 1254 па 1256 гады – “Сентэнцыі” Пятра Ламбардскага. Гэты каментарый у чатырох кнігах склаў першую вялікую сістэматычную працу Тамаша. У 1256 годзе ён атрымаў права называцца доктарам і самастойна выкладаць тэалогію. На працягу трохгадовага курса лекцый паўстала праца, запісаная пазней пад назвай “Сума супраць язычнікаў”.
У 1259 годзе Тамаша запрасілі выкладаць у папскай курыі ў Рыме. Час з 1265 года па 1267 ён праводзіў у рымскім кляштары Святой Сабіны. Тады ж ім пачынае стварацца знакамітая праца “Сума тэалогіі”, якая, аднак, так і не была скончана. У 1267 – 1268 гадах Тамаш выконваў абавязкі папскага прапаведніка ў Вітэбро, а потым зноў накіраваўся ў Парыж, каб на працягу чатырох гадоў выкладаць там і ўдзельнічаць у тэалагічных дыспутах паміж арыстоцелікамі-авераістамі і католікамі-традыцыяналістамі.

У вечнасць Тамаш Аквінскі адышоў раптоўна, не маючы яшчэ і пяцідзесяці гадоў. Здарылася гэта 7 сакавіка 1274 года, калі падчас падарожжа ў Ліён на Сабор, скліканы Папам Грыгорыем Х, ён прыпыніўся ў цыстэрскім абацтве Фосануова.

Шырыня эрудыцыі і інтарэсаў Тамаша Аквінскага былі незвычайна вялікімі. Напэўна, не было такой галіны ведаў, якую б ён абмінуў увагай. Яго цікавілі не толькі тэалогія і філасофія, але і прыродазнаўчыя навукі, матэматыка. Ён свабодна арыентаваўся ў тагачаснай еўрапейскай палітыцы, дыскутаваў з габрэйскімі і арабскімі філосафамі, займаўся музыкай, заалогіяй, архітэктурай, натурай мовы і шмат чым іншым. Г.Чэстэртон пісаў, што адзін з сучаснікаў Тамаша сказаў аб ім: “Калі б пажар знішчыў усю філасофію, то ён сам мог бы яе аднавіць”. Пасля смерці яго называлі самым святым сярод вучоных і самым вучоным сярод святых.

У штодзённым жыцці Тамаш быў чалавекам простым і глыбока пабожным. З асаблівай пашанаю ён ставіўся да культу Найсвяцейшай Эўхарыстыі. Складзены ім гімн “Праслаўляй, язык, нястомна” (Pange lingua), вернікі і сёння спяваюць у касцёлах ва ўсім свеце.

Буйны целасклад і лагодны характар Тамаша Аквінскага не раз станавіліся прычынай кпінаў у яго адрас нават з боку сяброў. Калегі па Парыжскаму універсітэту дражнілі яго часам “нямым быком”. А аднойчы адзін брат дамініканец папрасіў яго паглядзець праз акно на карову, якая быццам бы лётала па небе. Святы паддаўся просьбе, чым выклікаў хвалю смеху з боку манаскай супольнасці. На гэта Тамаш толькі спакойна адказаў: “Я хутчэй паверу ў тое, што карова лётае, чым у тое, што законнік можа хлусіць”. Спакой і ураўнаважанасць ніколі не пакідалі святога. Кажуць, што раззлаваным яго бачылі за ўсё жыццё толькі два разы. Першы раз ён раззлаваўся на куртызанку, падасланую роднымі братамі, а другі раз – на філосафа Давіда з Дзіно з-за чыста навуковага пытання.

Калі пастарацца коратка занатаваць асноўныя моманты ў філасофскіх поглядах Тамаша Аквінскага, то перш трэба адзначыць, што ён надае вялікую ўвагу магчымасцям чалавечага розуму. Такія паняцці, як прыроджаная інтуіцыя, звышнатуральнае прасвятленне, апрыярычныя веды нібы адыходзяць на другі план. Сістэма Тамаша супрацьстаіць пантэізму, падкрэслівае дуалізм Бога і стварэння, абвяшчае гілемарфізм, аб’ектывізм, эмпірызм, універсалізм, рэалізм і інтэлектуалізм.

Гілемарфізм падкрэсліваў еднасць чалавечай натуры і выступаў супраць разрывання душы і цела, дуалістычнага стаўлення да чалавека. Аб’ектывізм не прымаў суб’ектыўную паставу містыкаў і паслядоўнікаў аўгустыянізму, сцвярджаў, што для пазнання нам больш непасрэдна дадзеныя знешнія рэчы, чым унутраныя. Эмпірызм Тамаша стаяў на тым, што ўсялякія веды паходзяць ад вопыту. Універсалізм пераконваў у вышэйшасці агульнага над адзінкавым. Умеркаваны рэалізм супрацьпастаўляўся з аднаго боку рэалізму прыхільнікаў Платона, а з другога – наміналізму. І, нарэшце, інтэлектуалізм, навука аб першынстве інтэлекту адносна веры, супрацьпастаўлялася валюнтарызму Аўгустына і эмацыянальнай паставе містыкаў.

Усе пералічаныя асаблівасці поглядаў Тамаша (сучасныя даследчыкі надалі ёй назву “тамізм”) прывялі да таго, што ён быў нетыповым мысліцелем свайго часу. Аднак менавіта Аквінат стварыў такі тып хрысціянскай філасофіі, якая пазней апанавала інтэлектуальную эліту Каталіцкага Касцёла. Калі ў ХІІІ стагоддзі яго погляды падзяляла меншасць, то ўжо ў 1325 годзе (праз два гады пасля кананізацыі Папам Янам ХХІІ) Тамашу надалі тытул doctor communis. Папа Пій V у 1567 годзе абвесціў яго доктарам Касцёла, а Леў ХІІІ – апекуном каталіцкіх школ.

Рэліквіі святога знаходзяцца ў розных месцах Еўропы – ў Сэн Серніне, Фосануова, Прыверыно, Неапалі. У кляштары ў Неапалі келля, у якой жыў Тамаш Аквінскі, была пераабсталявана ў капліцу. Там пілігрымы і турысты могуць убачыць, між іншым, званок, якім святы карыстаўся падчас сваіх лекцый. Літургічны ўспамін святога Тамаша Аквінскага доўгі час адзначаўся 7 сакавіка, але пасля літургічнай рэформы ІІ Ватыканскага Сабору гэтую дату перанеслі на 28 студзеня.

Юрый Дрозд, семінарыст

Кантакты

Леніна 16, 
225710, г. Пінск, Брэсцкая вобл.

Тэл. для даведак: (0165)65 41 45;      +375 256 044 186
Для лістоў:  Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.

Супольнасць ў сацыяльных сетках: