Благаслаўлёны ксёндз Мечыслаў Багаткевіч

 

 

 

У гісторыю чалавецтва ХХ стагоддзе ўвайшло як эпоха вялікіх войнаў, сацыяльных, палітычных і культурных трансфармацый. У гісторыі хрысціянства гэта без перавелічэння быў век мучанікаў. За сведчанне аб Хрысце ў ім пралілося намнога больш крыві, чым у папярэднія часы. Адным з тых, хто склаў сваё жыццё ў ахвяры дзеля Божай справы, быў ксёндз Мечыслаў Багаткевіч. Сёння ягоны культ распаўсюджваецца ў Беларусі. Асабліва важная памяць аб яе колішнім выхаванку для духоўнай семінарыі ў Пінску.

Будучы мучанік і благаслаўлёны нарадзіўся 1 студзеня 1904 г. у маёнтку Крыкалы каля Дунілавічаў (сучасная Віцебская вобласць). Яго бацькамі былі Станіслаў і Юзэфа з дому Зянкевічаў. Дзядуля Мечыслава ў свой час прымаў удзел у вызваленчым паўстанні 1863-64 гг., а дзядзька Альфонс Зянкевіч быў святаром Віленскай архідыяцэзіі і дэканам у Крынках. Сям’я Багаткевічаў была даволі вялікая. Акрамя Мечыслава было яшчэ восем іншых дзяцей. Адзін з іх – Станіслаў, таксама стаў святаром (дажыў да 2004 г.). Усе дзеці выхоўваліся ў рэлігійна-патрыятычнай атмасферы. Гэта аказала моцны ўплыў на фарміраванне Мечыслава Багаткевіча як асобы. Праз усё жыццё ён пранёс у сэрцы моцную веру і любоў да Айчыны.

Пачатковую адукацыю Мечыслаў атрымліваў у вёсцы Сітцы каля Параф’янава. З 1916 па 1920 гг. вучыўся ў гімназіі: першапачаткова ў беларускай у Будславе, а потым у польскай у Докшыцах. Гэта быў перыяд неспакойных, бурлівых гадоў у краіне. У той час адбыліся дзве рэвалюцыі, скончылася Першая Сусветная вайна, на ўсходзе ішла грамадзянская вайна, а на захадзе адраджалася Польская дзяржава. Беларускія землі былі арэнай барацьбы паміж многімі палітычнымі і ваеннымі сіламі, у прыватнасці – паміж Польшчай і савецкай Расіяй. Як патрыёт Мечыслаў Багаткевіч хацеў нават дабравольна уступіць у шэрагі польскага войска, адыход якога з Беларусі ў 1920 г. балесна ўспрымаў. Але Пан Бог пакіраваў інакш.

Мечыслаў паехаў у Навагрудак, дзе паступіў у Вышэйшую духоўную семінарыю, якую адкрыў біскуп Зыгмунт Лазінскі. Гэта была семінарыя Мінскай дыяцэзіі. З утварэннем у 1925 г. Пінскай дыяцэзіі яна была перанесена ў Пінск, дзе Мечыслаў і скончыў вучобу ў 1931 г. У гады семінарыйнай фармацыі Багаткевіч адзначаўся працавітасцю і любоўю да літургіі. Пасля заканчэння семінарыі ён паехаў у Варшаўскі універсітэт, каб вывучаць педагогіку. Пасвячэнне ў святары адбылося 23 ліпеня 1933 г.

Пасля пасвячэння ксёндз Мечыслаў распачаў працу ў Драгічыне над Бугам, адначасова працягваючы здабываць веды ў універсітэце. Ён распачаў працу ў якасці выхавацеля моладзі ў Ніжэйшай духоўнай семінарыі. У 1936 – 1939 гг. ксёндз Мечыслаў быў прэфектам гімназіі ў Лунінцы, дзе праявіў сябе старанным педагогам, добрым святаром, здольным прывабіць сэрцы маладых людзей. Ён выкладаў там гісторыю Касцёла, этыку, з’яўляўся капеланам Згуртавання Харцэрства Польскага і апекуном Марыянскай садаліцыі. Пазней пра яго ўзгадвалі: “Там, дзе з’яўляўся ксёндз Багаткевіч, было шмат моладзі, весялосці і радасці, ён проста любіў нас. Ён ніколі не быў адзін, побач з ім заўсёды былі яго вучні. Ксёндз Мечыслаў ведаў пра нас усё, пра ўсе нашыя грахі, правіны, пра нашыя беды і клопаты. Ён адзіны, хто праводзіў з намі час у размовах і жартах на калідорах або на вуліцы”.

Калі пачалася другая Сусветная вайна, ксёндз Мечыслаў Багаткевіч паехаў да свайго брата ксяндза Станіслава, пробашча ў Пушках. Там ён даведаўся, што ў бліжэйшай парафіі Пеліканы няма святара, а таму накіраваўся туды і застаўся там да восені 1941 г. Ксёндз Мечыслаў абслугоўваў мясцовае насельніцтва: удзяляў святыя сакрамэнты, прамаўляў казанні, клапаціўся пра найбяднейшых. Ён вельмі выразна акрэсліў сваё стаўленне да нямецкага нацыянал-сацыялізму, калі ў 1939 г. у Вігілію Божага Нараджэння ў сваім казанні рэзка асудзіў напад Гітлера на Польшчу. Увогуле, Багаткевіч быў харызматычным прапаведнікам. Шмат з тых, хто слухалі яго казанні, расчульваліся да глыбіні душы, задумваліся над сваім жыццём. Людзі таксама ўзгадвалі, што святар заўсёды аддаваў бедным тое, што атрымліваў ад іншых падчас каляды.

У лістападзе 1941 г., кіруючыся апостальскім духам, ксёндз Мечыслаў адправіўся ў Дрысу, якая знаходзілася на тэрыторыі БССР і была пад нямецкай акупацыяй. Там, дзе людзі ўжо шмат гадоў былі пазбаўленыя святара і знаходзіліся пад ціскам ваяўнічай атэізацыі, ахвярны святар распачаў працу па аднаўленню духоўнага жыцця. Актыўная і энэргічная праца не спадабалася акупантам. 16 студзеня 1942 г. яго арыштавалі і зняволілі ў браслаўскай турме. Намаганні ксяндза Антонія Зянкевіча вызваліць свайго пляменніка з турмы поспеху не прынеслі. Вечарам 2 сакавіка 1942 г. паліцыя змясціла ксяндза М. Багаткевіча і яго братоў у святарстве ксяндза С. Пыртка, а праз дзень і ксяндза У. Мацьковяка, у камеру смяротнікаў. У апошнія гадзіны жыцця святароў адведваў ксёндз Пётр Барташэвіч, які паспеў паспавядаць іх. На світанні 4 сакавіка усіх трох вязняў расстралялі ў лесе Барок каля Беразвечча.

13 чэрвеня 1999 года ў Варшаве падчас урачыстай святой Імшы папа Ян Павел ІІ абвясціў благаслаўлёнымі 108 новых мучанікаў. Сярод іх было імя ксяндза Мечыслава Багаткевіча. Пасля беатыфікацыі пачаў развівацца ягоны культ. Спачатку ў Польшчы на Беласточчыне і ў Драгічынскай дыяцэзіі, а цяпер і ў Беларусі – асабліва ў Пінскай дыяцэзіі. Родны брат ксяндза Мечыслава ксёндз Станіслаў Багаткевіч узгадваў, што благаслаўлёны Мечыслаў быў чалавекам, які заўсёды імкнуўся жыць згодна з воляй Божай і заахвочваў да гэтага іншых. Прыклад жыцця ксяндза-мучаніка яскрава гэта пацвярджае. Благаслаўлёны Мечыслаў Багаткевіч можа быць узорам для усіх хрысціянаў, а асабліва для тых, хто рыхтуецца да святарства.

Юрый Дрозд, семінарыст

 

 

 

Кантакты

Леніна 16, 
225710, г. Пінск, Брэсцкая вобл.

Тэл. для даведак: (0165)65 41 45;      +375 256 044 186
Для лістоў:  Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.

Супольнасць ў сацыяльных сетках: