Ксёндз прэлат Аляксандр Зянкевіч (1910-1995)

 

 

 

Духоўная семінарыя ў Пінску падрыхтавала шмат знакамітых святароў.  Адным з іх быў ксёндз Аляксандр Зянкевіч. У лістападзе 2010 года ў Вроцлаве распачаўся яго беатыфікацыйны працэс. Па гэтай прычыне будзе дарэчы ўзгадаць жыццё і дзейнасць нашага дастойнага выпускніка. Жыццёвы шлях ксяндза Аляксандра Зянкевіча можна падзяліць на два перыяды. Перыяд да 1946 года звязаны з яго жыццём у Беларусі, а з 1946 і да 1995 года – з душпастырскай і педагагічна-выхаваўчай дзейнасцю ў Польшчы.

Будучы святар нарадзіўся ў вёсцы Лямбоўка ў парафіі Дунілавічы на Віленшчыне 12 жніўня 1910 года, прыйшоўшы на свет як першае дзіця ў сям’і Казіміра Зянкевіча і Ядвігі з дому Урублеўскіх. Яго бацька быў эканомам у маёнтку графа Тышкевіча.  У 1926 годзе Аляксандр скончыў школу ў Дунілавічах, пасля чаго адправіўся на далейшую вучобу ў Ніжэйшую духоўную семінарыю ў Навагрудку. Пасля атрымання атэстату ў 1931 годзе паступіў у духоўную семінарыю ў Пінску. За гады вучобы ў семінарыі Аляксандр Зянкевіч запомніўся як здольны і працавіты студэнт. Любімай дысцыплінай семінарыста Зянкевіча была гісторыя Касцёла, якую выкладаў адзін з лепшых у Польшчы спецыялістаў ксёндз Эміль Кантак. Часта на семінарыйных імпрэзах Аляксандр выступаў з цікавымі рэфератамі па гэтым прадмеце. Таксама яго захапляла псіхалогія і літаратура. Адзначым, што на адным курсе з Аляксандрам Зянкевічам вучыўся таксама Уладзіслаў Гладоўскі, будучы рэктар духоўнай семінарыі ў Драгічыне і супрацоўнік Акадэміі каталіцкай тэалогіі ў Варшаве. Напрыканцы пятага курса вучоба Аляксандра ў семінарыі на некаторы час перапынілася па прычыне хваробы. Вымушаны адпачынак ён правёў у Новай Мышы ў ксяндза Альфонса Алешчука.

Пасля перапынку Аляксандр вярнуўся ў семінарыю і 11 мая 1938 года скончыў яе з агульным вынікам “вельмі добра”. Святарскае ж пасвячэнне ён прыняў крыху раней – 3 красавіка 1938 года ў Пінскай катэдры з рук тагачаснага ардынарыя Пінскай дыяцэзіі біскупа Казіміра Букрабы. Пасля пасвячэння ксёндз Аляксандр Зянкевіч здзейсніў пілігрымку ў Рым, каб прыняць удзел ва ўрачыстай кананізацыі Андрэя Баболі. Там жа пры яго труне ў касцёле Іль Джэзу 17 красавіка адправіў прыміцыйную Імшу.

Вярнуўшыся на радзіму і папрацаваўшы год у якасці капелана біскупа Букрабы, ксёндз Аляксандр быў скіраваны на працу ў фарны касцёл у Навагрудку, дзе таксама пачаў выконваць абавязкі капелана сясцёр назарэтанак і прэфекта гімназіі. Аднак праца, ад якой малады святар чакаў багатых плёнаў, раптоўна была спынена ў верасні 1939 года, калі на тэрыторыю Заходняй Беларусі ўвайшлі савецкія войскі. А менш чым праз два гады давялося перажыць уваход нямецкіх войскаў. Вядома, што 1 верасня 1943 года ў Навагрудку фашысты расстралялі 11 сясцёр назарэтанак. У тым, што аб іх мучаніцкай смерці не забылі, вялікая заслуга ксяндза Зянкевіча. У сакавіку 1945 года ён паклапаціўся, каб рэшткі сясцёр былі эксгумаваныя і перанесеныя ў фарны касцёл.
У 1946 годзе камуністычныя ўлады прымусілі святара да выезду ў Польшчу. Ксёндз Аляксандр пераехаў у Гожув Велькапольскі, а затым у Вроцлаў. У Вроцлаве яму даручылі працу прэфекта ў Педагагічным ліцэі, капелана сясцёр назарэтанак і многае іншае. 12 верасня 1952 года былы выпускнік пінскай семінарыі атрымаў дэкрэт на пасаду віцэ-рэктара  Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Вроцлаве, а 18 лістапада 1953 года стаў яе рэктарам. У семінарыі ксёндз Аляксандр Зянкевіч выкладаў польскую мову і педагогіку. Сваёй адданай працай, айцоўскім і клапатлівым стаўленнем да семінарыстаў ён здабыў сабе вялікі аўтарытэт. Прымас Польшчы кардынал Стэфан Вышыньскі заўважыў аднойчы, што ксёндз рэктар Зянкевіч у часы моцнага камуністычнага ціску на Касцёл быў для семінарыі дарам ад Бога, бо не дапусціў, каб улады ўчынілі навучальнай установе шкоду. А адзін з прафесараў семінарыі, кананіст і гісторык ксёндз Тадэвуш Сільніцкі, сказаў, што, калі б ад яго залежала, то ён кананізаваў бы ксяндза Зянкевіча яшчэ пры жыцці.

Пачынаючы ад 1958 года ксёндз Аляксандр Зянкевіч выконваў у Касцёле розныя функцыі. Між іншым ён быў рэктарам Каталіцкага навуковага інстытуту, а таксама членам Камісіі па справах кіно, радыё, тэлебачання і тэатру. Але асаблівым чынам ксёндз Аляксандр адзначыўся ў душпастырстве акадэмічнай моладзі, якую ўсімі сіламі імкнуўся зберагчы ад уплыву марксістскай ідэалогіі. Моладзь у сваю чаргу шчыра любіла  свайго душпастыра. У студэнцкім асяроддзі яго з цеплынёю называлі “вуек” (дзядзька). Адна са студэнтак так успамінала ксяндза Аляксандра: “Яго думкі і справы былі цалкам накіраваныя на тое, каб перадаць маладому чалавеку веру і сістэму каштоўнасцей, якія лічыў найдаражэйшым скарбам. Ён цікавіўся, чым жыве свет, каб ведаць, што можна выкарыстаць у душпастырскіх мэтах. Вучыў, што Касцёл не з’яўляецца анклавам дзівакоў, адарваных ад свету і навакольнай рэчаіснасці. Такая пастава была вельмі неабходнай у часы, калі паўсюдна сцвярджалася, што вера з’яўляецца прыватнай справай чалавека альбо “опіумам для народа”.

За сваю энергічную працу і адданасць Богу і Касцёлу ксёндз Аляксандр Зянкевіч не аднойчы быў адзначаны ганаровымі ўзнагародамі. Ян Павел ІІ узвысіў яго да годнасці прэлата. На адпачынак гэты нястомны працаўнік пайшоў толькі ў 1994 годзе, маючы за сабой 84 гады. 21 лістапада 1995 года Пан Бог паклікаў яго да сябе, каб узнагародзіць вечным шчасцем у небе. У сваім запавеце ксёндз Аляксандр Зянкевіч змясціў словы, якія могуць быць добрым наказам  для ўсіх хрысціянаў, а асабліва для тых, хто ідзе па дарозе святарства: “Даверцеся Хрысту! Трымайце Яго збаўчую далонь, не выпускайце яе ніколі!”

Юрый Дрозд, семінарыст

 

 

 

Кантакты

Леніна 16, 
225710, г. Пінск, Брэсцкая вобл.

Тэл. для даведак: (0165)65 41 45;      +375 256 044 186
Для лістоў:  Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.

Супольнасць ў сацыяльных сетках: