Кс. Вацлаў Пянткоўскі – партрэт легендарнага святара

 

 

 

21 красавіка 2012 г. спаўняецца 110 гадоў з дня нараджэння славутага ксяндза Вацлава Пянткоўскага, які вучыўся ў Пінскай семінарыі, а пасля Другой Сусветнай вайны не толькі мужна выконваў свае святарскія абавязкі ва ўмовах савецкага таталітарызму, але і прыклаў шмат намаганняў, каб падрыхтаваць маладых святароў для душпастырскай працы ў Беларусі. Ксёндз Вацлаў пакінуў пасля сябе успаміны. У нашай бібліятэцы яны захоўваюцца ў друкаваным выглядзе. Абапіраючыся на гэта аўтабіяграфічнае сведчанне, можна зрабіць некалькі штрыхоў да партрэту легендарнага святара.

Вацлаў Пянткоўскі нарадзіўся 21 красавіка 1902 г. у маленькім мястэчку Ясенюўка на Беласточчыне ў шматдзетнай рэлігійнай сям’і. У дзяцінстве Вацлаў дастаўляў клопат сваім бацькам па прычыне слабага здароўя. З-за частых хваробаў ён быў вымушаны аднойчы прыпыніць навучанне ў сярэдняй школе. У тыя гады Вацлаў таксама працаваў настаўнікам у некалькіх пачатковых школах Слонімскага павету. Атэстат ён атрымаў толькі ў 1926 г. і адразу ж накіраваўся ў Пінск, каб паступіць у семінарыю, якая годам раней пачала функцыянаваць у гэтым палескім горадзе.

Разам з Вацлавам на першы курс у семінарыю прыйшлі яшчэ дванаццаць чалавек. Асноўнай цяжкасцю, з якой сустракаліся клерыкі, была лацінская мова ў якасці мовы выкладання дысцыплінаў. Як успамінаў ксёндз Вацлаў, гэта потым, пасля некалькіх месяцаў, першакурснікі не толькі прызвычайваліся да яе, але і маглі свабодна ёю карыстацца. Парадак дня ў семінарыі ў той час быў наступны:

5.30 – пад’ём
6.00 – ранішнія малітвы і Святая Імша
7.15 – сняданне
8.00 – 12.30 – заняткі
13.00 – Анёл Панскі і абед, вольны час.
19.00 – вячэра, час на самападрыхтоўку
22.00 - спачынак

У асноўных сваіх рысах тагачаснае жыццё Пінскай семінарыі не на шмат адрознівалася ад сучаснага. Клерыкі засвойвалі навукі, працавалі, ладзілі “андрэйкі” перад Адвэнтам (праўда, падчас іх ніколі не жартавалі над выкладчыкамі), удзельнічалі ў пілігрымках.

Пасля трох тыдняў прабывання ў семінарыі студэнты апраналіся ў сутаны (аблучыны праходзілі ў катэдры), а крыху пазней атрымлівалі танзуру. Семінарыст Пянткоўскі быў адзіным на сваім курсе, які атрымаў танзуру своечасова. Іншыя ж хлопцы мусілі па розных прычынах пачакаць.

Поспехі Вацлава Пянткоўскага ў галіне фармацыі былі заўважаны і адпаведна ацэнены семінарыйнай адміністрацыяй. Як здольнага студэнта, яго пасля другога курса выслалі на вучобу ў Рым. Ва ўспамінах ксёндз Пянткоўскі занатаваў: “Гэта прапанова мяне моцна ўзрушыла. Я ніколі нават не марыў пра Рым альбо пра далейшае навучанне па-за Пінскам”. У Вечны горад Вацлаў паехаў разам з біскупам З. Лазінскім. Там ён распачаў вучобу ў Рымскім Калегіуме на Латэране. У калегіуме было 180 студэнтаў з розных краін свету. Кожны студэнт падпарадкоўваўся вельмі строгім нормам арганізацыі жыцця. Напрыклад, на ранішнія малітвы было прынята хадзіць калонай па дзьве асобы, захоўваючы маўчанне. Выхад у горад таксама быў групавым і абстаўленым рознымі цырымоніямі. Але касцёльная эліта заўсёды кшталтавалася ў суровых умовах.

27 верасня 1931 г. наступіў доўгачаканы дзень святарскага пасвячэння. Абрад пасвячэння быў здзейснены ў капліцы Пінскай семінарыі біскупам З. Лазінскім. Ксёндз Вацлаў узгадваў той дзень так: “Мая душа была перапоўнена радасцю, удзячнасцю і любоўю да Бога і людзей. З усім разуменнем і з запалам сэрца я паабяцаў ксяндзу біскупу і яго наступнікам пашану, паслухмянасць і гатоўнасць неадкладна і ахвотна выконваць іх распараджэнні”. Пасля пасвячэння малады святар зноў паехаў у Рым на вучобу, якую ўвянчаў 12 ліпеня 1932 г. доктарскай дысертацыяй па дагматычнай тэалогіі.

У перыяд з 1932 па 1935 г. ксёндз Вацлаў Пянткоўскі выконваў у Пінскай дыяцэзіі шматлікія функцыі і займаў розныя пасады. Ён паспеў папрацаваць у якасці капелана ксяндза біскупа Казіміра Букрабы, прэфекта семінарыі, натарыуса курыі і біскупскага суда, рэктара фарнага касцёла і прэфекта гімназіі ў Навагрудку.

У 1935 г. святар быў пераведзены на працу прэфекта сярэдніх школ у Брэсце. Там жа праз два гады яму даручылі стварэнне новай парафіі (у нашы дні гэта Брэсцкая парафія Маці Божай Каралевы на Кіеўцы) і будаўніцтва касцёла. Асвячэнне вуглавога камня святыні адбылося 31 ліпеня 1939 года. Аднак касцёл так і не паспелі дабудаваць, бо пачалася вайна. 14 верасня 1939 года ў Брэст увайшлі немцы, а 22 верасня апоўдні горад аказаўся ў руках Чырвонай Арміі. Да 22 чэрвеня 1941 г. сітуацыя была адносна стабільная. Аб тым, што ў жыцці святара адбылося ў той дзень сведчаць яго ўспаміны: “На двары ледзь світала, калі мяне абудзілі нейкія гукі, выбухі. Падумаў, што грыміць гром. Але хутка ўпэўніўся, што гучаць гарматныя стрэлы на захадзе. Я ўскочыў з ложка, накінуў плашч (…). Праз поле ў кірунку капліцы і плябаніі беглі людзі. Я паспяшыў да касцёла, каб захаваць Найсвяцейшы Сакрамэнт ад прафанацыі альбо пажару. Раздзяліў Найсвяцейшую Гостыю паміж сабранымі вернымі, а людзей прыбывае болей і болей”. Падчас акупацыі каталіцкае жыццё ў Брэсце не спынялася. У касцёлах рэгулярна адпраўляліся Імшы, на якія прыходзіла шмат цывільных жыхароў і вайскоўцаў. У каплічцы на Кіеўцы людзей на набажэнствы прыходзіла столькі, што давялося зрабіць дадатковыя дзверы. Але разам з тым час ад часу арыштоўваліся святары і гінулі вернікі.

Пасля вайны 31 снежня 1946 г. ксёндз Вацлаў Пянткоўскі быў менаваны генеральным вікарыем той часткі Пінскай дыяцэзіі, якая аказалася на тэрыторыі БССР. Паколькі многія святары загінулі альбо выехалі ў Польшчу, працы ў ксяндза Вацлава аказалася бязмерна шмат. Даводзілася абслугоўваць парафіі ў Івянцы, Пяршаях, Рубяжэвічах, Мядзведзічах і інш. Паводле слоў святара, найбольш жахлівай была няпэўнасць склаўшайся сітуацыі. Заставалася толькі спадзявацца на Провід Божы і маліцца. З успамінаў: “Уначы з 19 на 20 студзеня 1950 г. плябанію ў Мядзведзічах акружылі ўзброеныя вайскоўцы, а мяне арыштавалі і вывезлі ў Баранавічы. Ад гэтага дня парафія была пазбаўлена свайго душпастыра. Ад 20 студзеня да 10 красавіка я знаходзіўся ў следчым ізалятары ў Баранавічах, а ад 10 красавіка да канца ліпеня ў следчым ізалятары ў Мінску. Потым мяне перавялі ў агульную турму. 9 студзеня 1951 г. мяне прыгаварылі да дзесяці год працы ў лагеры і этапам праз Маскву, Свярдлоўск і Петрапаўлаўск выслалі ў Кенгір у Казахстан, куды я прыбыў 2 лютага. Праз месяц мяне ўключылі ў будаўнічую брыгаду”.

У лагеры ксёндз Вацлаў патаемна адпраўляў Святую Імшу, спавядаў і стараўся падтрымліваць кантакты з іншымі асуджанымі святарамі. Вызваленне наступіла 29 мая 1956 г., пасля чаго святар паехаў у Мядзведзічы. Там яго з вялікай радасцю прывіталі вернікі. Да ліпеня ўдалося вырашыць справы з прапіскай і атрыманнем дазволу на права займацца рэлігійнай дзейнасцю.

Душпастырская праца была вельмі напружанай. Так, напрыклад, ужо ў 1956 г. пасля некалькіх тыдняў, што мінулі ад часу прыняцця парафіі ў Мядзведзічах, ксёндз Вацлаў бежмаваў 1962 асобы. А ў дадатак да ўсяго былі пастаянныя праверкі, рэвізіі і ператрусы, якія чынілі прадстаўнікі ўлады. Святар не падабаўся камуністычным функцыянерам. У 1960 г. сакратар кампартыі БССР А. А. Смірноў дамагаўся, каб Пянткоўскаму забаранілі служыць у Мядзведзічах, але па нейкіх прычынах гэты план не ажыццявіўся.

Істотнай праблемай у тыя часы была адсутнасць у Беларусі каталіцкіх духоўных семінарый. Ва ўсім СССР іх было толькі дзве – у Рызе і ў Каўнасе. Каб паступіць туды, патрэбны быў дазвол кіраўніка па справах рэлігіі аблвыканкаму, атрымаць які было вельмі складана. Ксёндз Вацлаў Пянткоўскі ўзяўся за пошук выйсця з гэтай сітуацыі. У 70-я гг. ў сваім доме ў Мядзведзічах ён адкрыў падпольную семінарыю. Маладыя людзі, якія дзесьці вучыліся ці працавалі, але жадалі стаць святарамі, у вольны час прыязджалі туды, слухалі лецыі Пянткоўскага, прымалі ўдзел у Святой Імшы. У такой імправізаванай семінарыі выкладаліся кананічнае права, гісторыя Касцёла, філасофія, этыка, замежныя мовы і ігра на фісгармоніі. Дзейнасць семінарыі была добра заканспіраваная. Яе слухачы ўладкоўваліся на працу, таму савецкім партыйным органам было цяжка прыцягнуць маладых людзей да крымінальнай адказнасці за ўхіленне ад працы. Раз-пораз у Мядзведзічы прыязджалі святары і экзаменавалі слухачоў. Выпускнікі нават праходзілі “практыку” ў парафіях. Потым яны давучваліся ў Рызе і Каўнасе, або таемна пасвячаліся ў святарства. Святы Айцец Ян Павел ІІ назваў аднойчы ксяндза Вацлава “выхаванцам шматлікіх ксяндзоў”, што цалкам справядліва – за пяць гадоў ім было падрыхтавана дзесяць чалавек. Сярод выхаванцаў семінарыі ёсць сучасныя беларускія біскупы – Казімір Велікаселец і Антоній Дзям’янка. Першым жа выпускніком стаў ксёндз Рышард Юнік. Ён прымаў пасвячэнні ў Рызе ў 1978 г.: 28 чэрвеня – ў дыяканы, на наступны дзень – у святары. А за пару дзён перад гэтым ён прыняў паслугі лектара і акаліта.

У апошнія гады жыцця, маючы за плячыма і паважны ўзрост, і фізічныя недамаганні, якія ўсё часцей праяўлялі сябе, ксёндз Вацлаў ні на хвіліну не пераставаў займацца актыўным душпастырствам. Ад 1980 да 1984 г. ён абслугоўваў таксама парафію ў Новай Мышы. Будучы адміністратарам Пінскай дыяцэзіі, патаемна арганізоўваў для святароў штомесячныя дні духоўных разважанняў, вёў шырокую рэлігійную перапіску. 11 лютага 1988 г. Ян Павел ІІ надаў яму годнасць інфулата. Памёр ксёндз Вацлаў Пянткоўскі 2 снежня 1991 г. у Мядзведзічах.

Юрый Дрозд, семінарыст

 

 

 

Кантакты

Леніна 16, 
225710, г. Пінск, Брэсцкая вобл.

Тэл. для даведак: (0165)65 41 45;      +375 256 044 186
Для лістоў:  Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.

Супольнасць ў сацыяльных сетках: