Рысы марыйнай духоўнасці Слугі Божага біскупа Зыгмунда Лазінскага

І . Крыніцы марыйнай духоўнасці

Разважаючы пра духоўнае жыццё хрысціяніна, можна разглядаць яго з розных пунктаў гледжання і вылучаць розныя аспекты фарміравання і развіцця. Адным з такіх аспектаў хрысціянскай духоўнасці з’яўляецца марыйная духоўнасць, якая бярэ пачатак і фарміруецца па ўзору Марыі, Маці Езуса Хрыста. Такім чынам, марыйная духоўнасць, трактуючы Маці Езуса як узор да наследавання, даследуе таямніцы жыцця і думак Марыі ў святле хрысціянскага духоўнага жыцця, а праз малітвы да Марыі паддаецца яе ўплыву. Як падкрэслівае Вялікі Папа Ян Павел ІІ, марыйная духоўнасць не абмяжоўваецца толькі культам Марыі, але перш за ўсё чэрпае з яе прыклад веры, надзеі і любові, чым істотна адроз ніваецца ад марыйнай пабожнасці. У той жа час марыйная духоўнасць не з’яўляецца выключна тэарэтычным разважаннем над таямніцай Марыі, а вядзе да ажыўлення і паглыблення дыялогу з Маці Збаўцы ў жыцці хрысціяніна. 
Што датычыць марыйнай пабожнасці, то духоўнасць першасная і больш падставовая і служыць для яе паглыблення. Звычайна пра марыйную духоўнасць гавораць, калі хрысціянін стараецца фарміраваць сваю духоўнасць, абапіраючыся на духоўнасці Марыі, калі сваю дарогу намячае паводле дарогі Марыі, уласнае мысленне ставіць згодна з Яе мысленнем, свае адносіны да Айца, Уцелаўлёнага Слова і Духа Святога прыпадабняе да адносін канстатаваных і захапляючых у Маці Божай. Гэта духоўнасць “як Марыя”, а не толькі пабожнасць “да Марыі”, хоць і адна і другая маюць сваё месца ў хрысціянскай традыцыі.

Марыйная духоўнасць як прыклад для духоўнасці Каталіцкага Касцёла мае свае падставы ў Бібліі і праўдах веры.

Жыццё Марыі ці то ў Назарэце, ці пазней было вельмі звычайнае , Яна жыла верай, як і мы. Яна ўзвышаецца сярод пакорных і ўбогіх Пана, якія са спадзяваннем чакаюць ад Яго выратавання і атрымоўваюць яго, шануючы Маці, належным чынам спазнаюць, любяць і ўслаўляюць Сына, праз Якога ўсё створана (пар. Клс 1, 15-16), бо “спадабалася Айцу, каб у Ім была ўся паўната” (Клс 1, 19), і выконваюць Яго запаведзі. 
Марыйная духоўнасць паказвае Марыю, Якая дапамагае жыць сапраўды па-хрысціянску, Якая выхоўвае сваім прыкладам да адпаведнага перажывання таямніц веры, надзеі і любові. У марыйнай духоўнасці закладаецца, што Марыя, прысутная ў Касцёле, не толькі паказвае дарогу, якой хрысціянін павінен ісці, але як Маці аказвае ўласцівы ўплыў сваёй прысутнасцю, заступніцтвам і мацярынскім дзеяннем. Як Маці Касцёла, Яна стварае ў ім тое мацярынскае асяроддзе, якое падтрымлівае і ўмацоўвае кожнага хрысціяніна.

Тэолагі духоўнасці бачаць у Марыі кампендыюм і мадэль хрысціянскай духоўнасці. Датычыць гэта вымярэння трынітарнага (Марыя як святыня і месца адпачынку Тройцы Святой), хрыстычнага (любоў да Езуса), пнеўматалагічнага (абранніца Духа Святога) і эклезіяльнага (тып Касцёла і Маці, Якая любіць Касцёл). Трактуючы духоўнае жыццё як дарогу, заўважаецца прысутнасць Марыі як Маці і Настаўніцы на ўсіх яе этапах. Яна прысутная ва ўсіх трох фазах духоўнага жыцця: на этапе хрысціянскай ініцыяцыі, на фазе духоўнага станаўлення і містычнага з’яднання.

Вялікі Папа Ян Павел ІІ сцвярджае, што Касцёл “бачыць Бласлаўлёную Багародзіцу ў збаўчай таямніцы Хрыста і ў сваёй уласнай таямніцы, бачыць Яе глыбока ўкаранёную ў дзеях чалавецтва, у спрадвечным пакліканні чалавека, бачыць Яе па-мацярынску прысутную і ўдзельнічаючую ў шматлікіх і складаных справах, якімі сёння напоўнена жыццё адзінак, сямей і народаў, бачыць яе як Дапамогу хрысціянскаму люду ў непрарыўным змаганні са злом”.

У Марыі, як і ў кожнага веруючага, вера па натуры з’яўляецца рызыкай. Можна сказаць: сляпым дапушчэннем на незразумелыя праўды і актуальна не зразуметыя.

Найсвяцейшая Дзева прытрымлівалася шляху веры і дакладна захоўвала Сваю еднасць з Сынам да самага Крыжа, каля якога Яна стаяла па відавочнай Божай задуме (пар. Ян 19, 25), глыбока пакутавала са Сваім Адзінародным Сынам і матчыным сэрцам далучалася да Яго ахвяры, з каханнем пагадзіўшыся на забіццё Ахвяры, ад Яе народжанай; і, нарэшце, была дадзеная як Маці аднаму з вучняў Самім Езусам Хрыстом, Які паміраў на Крыжы і прамаўляў: " Жанчына! Вось, сын Твой " (пар. Ян 19, 26-27). 
Яе пакліканнем было даць пакорным і найменшым найвышэйшы прыклад даверу і спадзявання на Бога.

Яна сваёй паслухмянасцю, верай, надзеяй і гарачай любоўю адмыслова садзейнічае справе Збаўцы, аднаўленню звышнатуральнага жыцця ў душах. Таму Яна – наша Маці паводле ласкі. 
Сваёй мацярынскай любоўю Яна клапоціцца аб братах Свайго Сына, яшчэ вандроўных і змешчаных сярод небяспек і бядот, пакуль яны не прыйдуць у шчаслівую Айчыну. Таму Найсвяцейшую Дзеву заклікаюць у Касцёле, як Заступніцу, Успамогу, Супрацоўніцу, Пасрэдніцу.

Марыя для ўсіх становіцца прыкладам дыялогу чалавека з Богам, які з’яўляецца дыялогам веры.

Кантэмпляцыянаследаванне і камунія вядуць хрысціяніна да канкрэтных паставаў, якія бачым у Марыі, а марыйная духоўнасць з’яўляецца досведам і пракламацыяй таго, што Марыя ўслаўляла ў Magnificat : праслаўленнем, прароцкім воклічам, вызнаннем Божай міласэрнасці, скіраванай да ўбогіх. Таму той, хто наследуе Марыю, не ўцякае ад супольнага жыцця і ад эфектыўнай практыкі любові, бо марыйная духоўнасць квітнее справамі спакою, справядлівасці, любові да самых убогіх. Тут няма пагрозы, што Марыя заслоніць Езуса, бо Ён знаходзіцца ў цэнтры таямніцы Марыі.

Індывідуальная марыйная пабожнасць

Усім вядома, што хрысціянская пабожнасць і пашана для Найсяцейшай Багародзіцы маюць розныя формы ў залежнасці ад розных акалічнасцей часу і месца, рознай ментальнасці людзей і культурнай традыцыі. 
Тым не менш Марыя, будучы прыкладам шанавання Бога для ўсяго Касцёла, з’яўляецца настаўніцай пабожнасці і для паасобных хрысціян (для кожнага хрысціяніна). Раней пачалі яны глядзець на Яе, каб як Яна, са свайго уласнага жыцця зрабіць культ належны Богу, а з самай пашаны заданне свайго жыцця. Ужо даўно, у IV стагоддзі, святы Амвросій, прамаўляючы да верных, прагнуў, каб у кожным з іх быў дух Марыі для праслаўлення Бога. Аднак Марыя перш за ўсё з’яўляецца прыкладам гэтага культу, праз які жыццё кожнага становіцца ахвярай, складанай у Богу. Гэтую старажытную і сталую навуку можна пачуць ад Касцёла, а таксама ад Найсвяцейшай Дзевы Марыі, Якая адказала Божаму пасланніку: “ Вось, я слуга Пана, няхай мне станецца паводле Твайго слова ” (Лк 1, 38). Сапраўды гэтымі словамі Яна ўвасобіла словы найпрыгажэйшай малітвы Пана: “ Будзь воля Твая ” (Мц 6, 10). Так чын Марыі з’яўляецца для ўсіх хрысціян прыкладам і павучэннем, як паслухмянасць волі Айца павінна стацца дарогай і дапамогай да святасці кожнага.

Сёння паўсюдна разумеецца, што хрысціянская пабожнасць дамагаецца ўключэння ў кожную форму культу біблейнай думкі. Развіццё вывучэння Бібліі, частае і паўсюднае карыстанне са Святога Пісання, асабліва прыклад Традыцыі і унутранае ўзрушэнне Духа Святога схіляюць і заклікаюць хрысціян нашых часоў, каб штораз больш карысталіся Бібліяй, як вядомай кнігай малітвы, і з яе чэрпалі адпаведныя пастановы і велічныя прыклады. Культ Найсвяцейшай Дзевы аніякім чынам не можа аддаліцца ад гэтага агульнага кірунку хрысціянскага жыцця, але больш, перш за ўсё з яго павінна чэрпаць новыя сілы і дапамогу. Святое Пісанне, адкрываючы Божы план збаўлення чалавецтва, прасякнута таямніцай Збаўцы і паказвае вельмі выразна на Тую, Якая была Маці і Спадарожніцай Збавіцеля. Біблейнае натхненне жадае, каб са святых кніг чэрпалі слова, думку і форму малітвы і тэкстаў, прызначаных для спеву. І дамагаецца, каб культ Найсвяцейшай Дзевы быў прасякнуты і напоўнены найважнейшым зместам хрысціянскага паслання, каб хрысціяне, шануючы Сталіцу Мудрасці, самі былі асвечаны святлом Божага Слова і схілены для дзеяння паводле наказаў Уцелаўлёнай Мудрасці.

У самым праўдзівым кульце Благаславёнай Дзевы змяшчаецца тое, што “калі Маці атрымлівае пашану, то пазнаецца Сын, любіцца і праслаўляецца адпаведным чынам”. Гэты культ становіцца дарогай да Хрыста, Які з’яўляецца крыніцай і асяроддзем касцёльнай супольнасці; у Якім усе, хто публічна вызнае Яго Богам і Панам, Збавіцелем і адзіным Пасрэднікам, пакліканы да еднасці паміж сабой, з Ім і з Айцом у еднасці Духа Святога.

Таму кожны хрысціянін, памятаючы аб тым, што “праўдзівае шанаванне складаецца не ў бясплодным і прамінаючым настроі і не ў нейкай павярхоўнай легкавернасці, але паходзіць з сапраўднай веры, вядучай да прызнання перавагі Багародзіцы і пабуджаючай нас па-сыноўску любіць нашу Маці і пераймаць Яе цноты”, можа з поўным даверам уцякаць пад Яе апеку і з большай руплівасцю ўслаўляць Яе ўсім сваім жыццём.

Асабістая марыйная духоўнасць святара

Разважаючы пра марыйную духоўнасць у жыцці святара, нельга не адзначыць уплыў, які аказвае дарога наследавання Марыі, “прысутнай у таямніцы Хрыста і Касцёла”, на фарміраванне духоўнасці святара, уплыў на яго жыццё і служэнне, бо Марыя, будучы “прыкладам пашаны Бога і настаўніцай пабожнасці для ўсяго Касцёла”, з’яўляецца дасканалым прыкладам ахвярнага з’яднання з Хрыстом і служэння Яму.

Так, Дух Хрыста з’яўляецца фундаментам і спраўцам духоўнага жыцця святара. Ён стварае новае сэрца, ажыўляе яго і кіруе ім праз новае права любові, пастырскай любові. У развіцці духоўнага жыцця рашаючую ролю адыгрывае свядомасць, што святару ніколі не бракуе ласкі Духа Святога, цалкам дармавога і вымагаючага адказнасці дару. Свядомасць гэтага дару з’яўляецца крыніцай і ўмацаваннем непахіснай надзеі святара сярод цяжкасцяў, спакус і слабасцяў, якія сустракаюць яго на шляху духоўнага жыцця.

Святарскае пакліканне – гэта пакліканне да святасці, якая выплывае з сакраманту Святарства. Святасць – гэта еднасць з Богам, наследаванне ўбогага, чыстага і пакорнага Хрыста, бязмежная любоў людзей і Касцёла, які святы і прагне, каб і мы былі святымі, згодна з даверанай яму Хрыстом місіяй. Кожны святар пакліканы быць святым, каб дапамагаць братам у рэалізацыі іх паклікання да святасці. Асаблівую ролю у спецыфічным пакліканні да святасці мае Дух Святы, дары якога святары атрымліваюць у сакраманце пасвячэння, і які кожнага прыпадабняе да Хрыста і робіць здольнымі дзейнічаць ад імя Хрыста і in persona Christi .

Згодна са сваім пакліканнем святар з’яўляецца жывым вобразам Хрыста, Абранніка Касцёла. Ён належыць да супольнасці, да якой як хрысціянін належыць разам з іншымі братамі і сёстрамі пакліканымі Духам Святым, але на моцы свайго прыпадабнення да Хрыста, Галавы і Пастыра, выконвае ў супольнасці функцыю абранніка. Таму яго жыццё павінна быць асвечана і фарміраванае таксама ў гэтым абранніцкім аспекце, які абавязвае да сведчання любові Хрыста, ён павінен быць здольны да любові людзей новым сэрцам, вялікім і чыстым, ахвярным і без зацікаўленасцей, заўсёды верным, рупліва і з чуласцю, якая нагадвае мацярынскую, здольны пераносіць боль нараджэння да хвіліны аб’яўлення Хрыста ў веруючых (пар. Гал 4, 19). 
„ Дух Пана спачывае на Мне ” (Лк 4, 18). Дух Святы, дадзены ў сакраманце святарства, з'яўляецца крыніцай святасці і заклікам да святасці, не толькі таму, што прыпадабняе святара да Хрыста, Галавы і Пастыра Касцёла, і давярае яму для выканання ад імя Хрыста і in persona Christi святарскую, прароцкую і каралеўскую місію, але і таму, што штодзённа ажыўляе яго, узбагачаючы дарамі і патрабаваннямі, добрымі якасцямі і натхненнем, якія ствараюць пастырскую любоў. Такая любоў яднае ў сабе евангельскія цноты з моцай, якая падтрымлівае іх развіццё аж да хрысціянскай дасканаласці.

Гэты евангельскі радыкалізм падставовы для ўсіх хрысціян, бо выплывае з закліку Езуса ісці за Ім і наследаваць Яго ў глыбокай супольнасці жыцця з Ім, рэалізаванага ў Духу (пар. Mц 8, 18 наст.; 10, 27 наст.; Mк 8, 34 наст.; 10, 17-21; Лк 9, 57 наст.). Гэтае ж патрабаванне датычыць і святара, не толькі таму, што ён прыпадабняецца да Хрыста, Галавы і Пастыра, падрыхтаваны да святога служэння і заангажаваны ў ім, але і ажыўлены пастырскай любоўю. Наступствам і праявай евангельскага радыкалізму з'яўляецца росквіт розных цнот і этычных пастаў, неабходных у душпастырскім і духоўным жыцці святара, такіх як вера, пакора адносна таямніцы Бога, міласэрнасць, разважлівасць. Асаблівым праяўленнем евангельскага радыкалізму з'яўляюцца блаславенствы, з якімі сцісла звязаны парады паслухмянасці, чысціні і ўбоства. Святар пакліканы да іх рэалізацыі ў сваім жыцці згодна са святарскай тоеснасцю.

Справуючы Эўхарыстыю пры столькіх алтарах ва ўсім свеце, святары стала дзякуюць Вечнаму Святару за дар, якім адарыў іх ў сакраманце Святарства. І ў гэтай падзяцы гучаць словы, якія Евангеліст уклаў у вусны Марыі пры наведванні Лізаветы: “ Вялікія рэчы стварыў мне Усемагутны. Святое імя Яго ” (Лк 1, 49). Дзякуюць таксама Марыі за невыказны дар Святарства, якім могуць служыць у Касцёле кожнаму чалавеку. Бо праз святарскую паслугу выконваюцца словы Марыйнага Magnificat . Бо Адкупіцель, Бог Крыжа і Эўхарыстыі, сапраўды “ ўзвышае пакорных і галодных насычае дабротамі ”, Ён, Які “ будучы багатым, для нас стаўся ўбогім, каб нас сваім убоствам абагаціць ” (пар. 2 Кар 8, 9), перавысіў дзівосную таямніцу свайго убоства абагачаючага Дзеву з Назарэту. І даручае святарам гэтую таямніцу праз сакрамант Пасвячэння. У той жа час “яны разам з усімі вернікамі ўзносяць малітвы, каб праз заступніцтва Дзевы Марыі народы як мага хутчэй дайшлі да спазнання ісціны”.

ІІ. Рысы марыйнай духоўнасці Слугі Божага біскупа Зыгмунда Лазінскага.

“Унутранае жыццё, – пісаў, – гэта жыццё ў з’яднанні з Хрыстом Панам… Недастаткова тут самога толькі стану ласкі, трэба таксама, каб тое, што робім пад уздзеяннем ласкі распачатае і даведзенае да канца. У кім няма зразумення, чым з’яўляецца ўнутранае жыццё, якая вага і значэнне, і хто яго сабе не цэніць, таму на дарэмна гаварыць пра дарогі гэтага жыцця і сродкі яго ўтрымання альбо развіццё. 
Адсюль апостальская руплівасць, якая складаецца з двух элементаў: прагненне дабра душ і прагненне працы для дабра… Яна шукае магчымасці чынення і здольнасці да працы для бліжніх… Яна з’яўляецца непасрэдным вымярэннем Божай любові… Малітва, паслуга і цярпенне – тры роды апостальскай працы, абавязваючай кожнага святара”.

З маленства адзначаўся прывязанасцю і набажэнствам да Маці Божай. Штодзённа маліўся ружанец, літаніяй і іншымі малітвамі; належаў да яе брацтваў, а будучы святаром засноўваў брацтвы, распаўсюджваў і падтрымліваў іх дзейнасць.

Належаў да брацтваў Найсвяцейшага Сэрца Збаўцы, Кармеліцкага шкаплера, Беззаганнага Зачацця і Святога Ружанца, быў таксама тэрцыярыям святога Францішка з Асізі, падобна як брат Станіслаў Костка. Сумленна выконваў абавязкі, звязаныя з гэтымі брацтвамі. Штодзённа маліўся праз заступніцтва Багародзіцы аб вытрываласці ў Божай службе і праз заступніцтва святой Барбары аб шчаслівай смерці. Пабожна адгаворваў “Анёл Панскі” і тройчы маліўся за душы памерлых і канаючых з дадаваннем “малітвы святога Бернарда”. Час ад часу абыходзіў стацыі “Крыжовай Дарогі” і асабліва ў Вялікім Посце часта маліўся сэквенцыяй “ Stabat Mater Dolorosa ”, якую вывучыў на памяць.

Як вялікі паклоннік Маці Божай падтрымліваў і распаўсюджваў яе брацтвы, да якіх сам належаў. Будучы біскупам, зацвердзіў для дыяцэзіі статут уніі жывога ружанца, які хутка быў уведзены ў некалькі дзесятках парафій.

Карыстаўся кожнай магчымасцю, каб справаваць Св. Імшу пры цудоўных абразах Маці Божай.

У Аглоне, будучы ў ссылцы, займаўся перакладам гамілій з брэвіярыя пра Маці Божую і буллы Папы Пія ІХ пра догмат аб Беззаганным Зачацці на польскую мову. Тут распачаў апрацоўванне сваіх “Маёвых разважанняў для духавенства”.

Калі Міншчына трапіла пад панаванне бальшавікоў, склаў песню да Багародзіцы за братоў церпячых. Гэтая песня вельмі хутка распаўсюдзілася ў Мінскай дыяцэзіі, спявалі яе вернікі ў мінскай катэдры і іншых касцёлах дыяцэзіі.

Вынікам сіноду Пінскай дыяцэзіі, які адбыўся ў 1929 годзе, было прыняцце некалькіх статутаў, якія заахвочваюць, каб ў кожным касцёле ў вызначаны час спяваліся гадзінкі аб Беззаганным Зачацці Найсвяцейшай Дзевы Марыі і ружанец, а прынамсі адно з двух, таксама ўсхваляецца захаванне або ўвядзенне (калі не было) і падтрыманне набажэнстваў, сярод якіх маёвае набажэнства да Найсвяцейшай Дзевы Марыі, ружанцовае і набажэнства да св. Юзафа.

Нельга прамінуць факту, што асаблівай любоўю адорваў усялякія марыйныя святы і ўрачыстасці. Як ведаем, час яго па-над меру быў запоўнены працай, але калі яму прапаноўвалі казанне на марыйнае свята, ніколі не адмаўляўся: “Гэта ж свята нашай Маці,” – гаварыў і ахвотна браўся за велічны труд абвяшчэння Яе хвалы.

Пры кожнай аказіі наведваў Вострую Браму ў Вільне, а як біскуп арганізаваў да гэтага цудоўнага абраза дзве пілігрымкі з Мінска і з Пінска.

Акрамя таго так сталася, што кожная важная ўрачыстая падзея ў жыцці Зыгмунда, была звязана з марыйнымі святамі.

Быў так працяты гэтым усім, такі шчаслівы, што не хацеў верыць, што гэта рэчаіснасць. У сваіх акадэміцкіх успамінах піша: “Восьмага верасня 1889 года ў дзень Нараджэння Маці Божай нечакана не гадана ўбачыў сябе ў сутане!

Гэта і першая прыміцыйная Святая Імша ў роднай парафіі ля алтара Ўнебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі, гэта першы інгрэс да катэдры ў Мінску ў свята Унебаўзяцця і іншыя розныя падзеі.

Сведчанне яго знаёмых указваюць на яго постаць, як чалавека малітвы, чалавека адважнага, любячага і раўнівага ў справах святасці і хрысціянскага жыцця, прыналежнасці Богу.

Апека Марыі

Апецы і заступніцтву Дзевы Марыі даручаў кожную справу, якой займаўся.

У цяжкай жыццёвай сітуацыі (Зыгмунда выгналі з гімназіі з воўчым білетам, а паколькі не бачыў магчымасці атрымання атэстату сталасці ў Расіі, а атрыманне яго за мяжой было звязана са значнымі выдаткамі, якія абцяжарвалі б яго бацькоў, справы якіх у той час значна пагоршыліся…) усю справу даверыў Богу і заступніцтву Багародзіцы. Маліўся і працаваў, на ўсялякі выпадак рыхтуючыся да экзамену на атэстат сталасці. Усе спробы дзядзькі пакуль не мелі выніку. Адзіная надзея была на Бога. 
Атрымаўшы намінацыю на мінскае біскупства, для лепшага распазнання Божай волі вырашыў выехаць з Петраграду і перажыць дзесяцідзённыя рэкалекцыі. З гэтай мэтай 8 студзеня 1918 года выехаў у Мікалаеўку, у прыгарад, дзе ў ахове, застаючыся пад апекай законных сясцёр, правёў адзінаццацідзённыя духоўных практыкаванні паводле метаду св. Ігнацыя. Як бачна з рэкалекцыйных нататкаў, аддаўся пад апеку Маці Божай, выбіраючы кіраўніком св. Караля Барамея, св. Францішка Сальскага, св. Юзафата Кунцэвіча і свайго Анёла Ахоўніка.

Галоўны націск падчас рэкалекцый паклаў на выбар, які здзейсніў 17 студзеня: “Здаецца, – пісаў у нататках, – што Пан Бог кліча мяне на дарогу евангельскіх парад у больш значнай меры, чым да гэтага абавязвае святарскі стан”... 
Пастанавіў штодзённа маліцца: “О Езу, крыніца святасці і прыклад цнотаў, дай мне, нягоднаму і найневярнейшаму слузе свайму, каб, аплакаўшы ўсе свае грахі і нядбайнасці, нястомна ўзрастаў у пазнанні, любові і наследаванні Цябе ў штораз большым самаадрачэнні, каб Табе штораз больш быў мілы і праз Цябе ў гадзіну смерці быў уведзены да вечнай гасціны. Амэн.”

Па дарозе з Петраграду ў Варшаву накіраваўся ў Вільню, дзе ў Вострай Браме склаў падзяку Найвышэйшаму за дабрадзействы і надалей аддаўся заступніцтву Найсвяцейшай Маці.

Уладкаваўшы справы ў Варшаве пасля атрымання біскупскай сакры, накіраваўся ў Вільню, дзе ў Вострай Браме даверыў Найсвяцейшай Маці ўсю сваю дыяцэзію і праз яе заступніцтва поўнасцю аддаўся Божай волі.

Рыхтуючыся да святарскага юбілею ў 1920 годзе склаў акт ахвяравання сябе для дабра Касцёла, праслаўлення Бога і Пашаны Маці Божай.

Маці Божую, Анёла Ахоўніка і сваіх святых апекуноў запрасіў быць сведкамі гэтага самаахвяравання і нястомнымі заступнікамі перад Боскай веліччу Найсвяцейшага Сэрца Езуса. Гэты акт вельмі часта аднаўляў на працягу ўсяго жыцця.

Наследаванне Марыі

Праз усё сваё жыццё стараўся наследаваць, браць прыклад з цнотаў Марыі.

Значна вышэй за навуковую працу ставіў Зыгмунд уласную духоўную падрыхтоўку. У сваіх нататках з 1891 года піша: “У навуцы трэба захоўваць умеркаванасць, каб гарачая адданасць ёй не зацьміла ў нас розуму і не перашкаджала ў выкананні абавязкаў. Пакорная пабожнасць больш вартая, чым гордая навука”. Таксама нічога дзіўнага, што з хвіліны паступлення ў семінарыю ўсе свае сілы засяродзіў і стала ўжываў на ўдасканаленне ўласнай натуры.

Адным з элементаў яго духоўнага ўзрастання была пакора і паслухмянасць, менавіта таму цалкам падпарадкаваўся настаяцелям (пшэлажоным) і прадпісанням рэгулы. “Божую волю мы павінны бачыць у волі старэйшых, – чытаем у нататках з 1891 года. – Паслухмянасць палягае на дабравольным вырачэнні ад сваіх рашэнняў. Трэба цярпець нявыгады без наракання, якое дадае прыкрасці і знішчае заслугі… Маем асаблівы клопат выконваць абавязкі нашага стану, у якіх Пан аб’яўляе нам сваю волю і вядзе да святасці”. Прасіў Маці Божую, каб выпрасіла для яго ласку раздзяляць прыніжэнні Пана Езуса, удзельніцай якіх таксама была… Часта аднаўляў акты праслаўлення, паслухмянасці і прыніжэння. Дбаў аб паглыбленні духа пабожнасці… Маліўся, каб цалкам перамяніўся так, як таго жадае Пан. Не раз упакорваўся і дакараў сябе, што замала працуе над сабой.

Карыстаўся кожнай хвілінай, каб прысвяціць яе на хвалу Бога, нягледзячы на свае слабасці.

Духоўную працу, якую распачаў у семінарыі, з большым запалам працягваў у Акадэміі. Працаваў у святле Божай ласкі, дапамогі Касцёла і людзей, а станоўчыя вынікі сваёй працы ўкрываў перад сабой, дзякуючы за ўсё Богу.

Заўсёды быў такім, якім быў на самой справе, шчырым і натуральным у пабожнасці і чынах і вольным ад уплываў людскіх поглядаў.

Да малітвы рыхтаваўся старанна, бо як разумовая, так і вусная малітва была для яго размовай з Богам.

Паколькі яго пыха і лянота не раз і не два, але стала бунтаваліся супраць вышэйшых імкненняў, то была патрэбна вялікая чуласць і далікатнасць сумлення, каб дабравольна не зграшыць; патрэбна была немалая пакора і давер Божай дабрыні, каб не расчаравацца і не апусціць рукі. Аднак шчырае прагненне дасканаласці і штораз большай любові Бога падтрымлівала ў ім патрэбную мужнасць, таму, калі рыхтаваўся да споведзі, узгадваў не толькі грахі, але і іх прычыны, злосць, вынікі і найменшыя недасканаласці. Раду ж, атрыманую на споведзі, лічыў Божым святлом і стараўся выканаць не толькі загад спаведніка, але і ўсе яго парады.

У змаганні з сабой патрабаваў пастаяннай Божай ласкі, таму ўвесь час маліўся і ўсёй сваёй натурай быў скіраваны да Бога. Звычайна раніцай прачынаўся, ахвяроўваў Пану свае думкі, словы, учынкі і цярпенні для Яго хвалы. У 1892 годзе пісаў: “Маю Пану, Айцу майму, служыць, і служыць так, як кажа мне!”

Падчас вакацый вельмі чуваў і прасіў Бога аб дапамозе, каб збярог ад падзенняў і марнавання часу. Дома, акрамя навукі і малітвы, якой найбольш аддаваўся, стараўся быць суцяшэннем для бацькоў, якіх у многіх выпадках выручаў, суцяшаў, дадаваў бадзёрасці і надзеі; дапамагаў малодшым братам у навуцы і ў фарміраванні каталіцкага светапогляду; чуваў над сястрычкай Марылькай. У адносінай жа прыслугі быў ветлівым і добразычлівым. Быў мілым чалавекам, які служыў прыкладам дабрыні і богабаязні.

Кс. Зыгмунд з сапраўднай бенедыктынскай руплівасцю займаўся крапатлівай прафесарскай працай. Сумленна і пільна рыхтаваўся да выкладаў. З запалам вывучаў Святое Пісанне. Аднак алюмны больш загартоўваліся яго с вятасцю, чым карысталі з лекцый.

Стала працаваў над уласным імкненнем да святасці. З дня ў дзень штораз больш яднаўся з Богам, нягледзячы на сухасці, сумненні і меланхоліі. Чым большыя меў цяжкасці, тым часцей маліўся і руплівей практыкаваў розныя духоўныя практыкі, раз за разам аднаўляючы свае намаганні. Знешне заўсёды вясёлы і ў добрым настроі, сяброўскі, ветлівы, жыў вельмі засяроджана. Утаймоўваў прыродную балтлівасць, практыкаваў пакору ва ўсіх яе праявах, асабліва практыкаваўся ў цярплівасці, лагоднасці і памяркоўнасці. На ружанцы маліўся з разважаннем таямніц. Стараўся штогадзіну прымаць духоўную камунію з мінутнай адарацыяй. Штодзённа клапаціўся аб атрыманні розных адпустаў: аднаўляў і запісваў усе свае імшальныя і брэвіяжовыя інтэнцыі і адпусты, каб пра іх не забыцца і з большай свядомасцю карыстацца. Ушаноўваў штораз большую колькасць святых; нарэшце штодзённа маліўся літаніяй да ўсіх Святых. Не шкадаваў часу на духоўныя заняткі, бо лічыў іх першым абавязкам святара, крыніцай ласк і фундаментам плённай святарскай дзейнасці.

У адным з пастырскіх лістоў з бацькоўскай любоўю звяртаецца да сваіх святароў падкрэсліваючы цноту пакоры: “ Святар мае абавязак імкнуцца да ідэала Хрыста, хоць ён і недасягальны. Павінен ў сваёй асобе і жыцці перадаць Хрыста. Любоў, адданне сябе Нябеснаму Айцу і пабожнасць – гэта першыя рысы падабенства да Хрыста. Праўдзівая пабожнасць нараджае пакору і руплівасць.

Пакора знаходзіцца ў радасным прызнанні сваёй нікчэмнасці. Знешне дзейнічае праз вартасці: ціхасць, сціпласць, скрытасць, паслухмянасць, убоства і ўмарцвенне. Хто практыкуецца ў гэтых рэчах, той працуе над развіццём ў сабе пакоры. 
Пакорны чалавек з ахвотай і радасцю уступае ўсякімі сваімі жаданнямі перад воляй іншых, а сваю волю ахвотна паддае павазе тых, хто мае права яму загадваць і таксама густу кожнага бліжняга. За маючых права загадваць лічыць не толькі начальства, але і кожнага ў сферы яго абавязкаў.

Пакора, зліваючыся з руплівасцю ў адно, нараджае ахвярнасць з цалкавітым самаадрачэннем, любоў і прагненне крыжа для большага ўдзелу ў правах Хрыста і для большай карысці Хрыстовай справы.

Хто хоча ісці за Хрыстом, павінен мець волю і прагненне аддаць сваё жыццё за Касцёл і бліжніх. ”

Так павучаў і вучыў сваіх святароў. А тое, што пісаў, было выразам яго ўласнага спосабу мыслення, прагнення і жыцця.

Сваёй надзвычайнай цярплівасцю, пакорай і прастатой утаймоўваў усіх.

Росквітам усіх гэтых цнот была сумленная пабожнасць, якая палягала на жыцці ў Богу, з Богам і для Бога. Будучы ў стане ласкі пасвячаючай, у еднасці з Панам Езусам, да Бога кіраваў усе свае думкі, словы, учынкі і цярпенні. Меў сыноўскую прывязанасць да Бога, Якога праслаўляў са святой паслужлівасцю, як свайго самага любімага Айца. Любіў Яго безумоўна, бо ведаў, што ў зямным жыцці нельга практыкаваць любові Бога без самаадрачэння ці адрачэнне ад патройнай пажадлівасці, на практыцы з любоўю яднаў ахвяру розуму, які цалкам падпарадкоўваў веры, ахвяру волі, пераносячы Божае задавальненне па-над уласную волю і жаданні стварэнняў, і ахвяру сэрца, выракаючыся прывязанасцей часовых на карысць вечных. Адсюль нараджалася ў ім гэтая велікадушнасць, а ненасытнае жаданне цярпенняў для Бога і Яго хвалы, таксама сталая на працягу некалькіх дзесяткаў год схільнасць да штораз новых прысвячэнняў, да штораз большага вынішчэння сябе, абы толькі Яму падабацца. “Гэта ўжо не самалюбівая пабожнасць, якая шукае суцяшэння, ані пабожнасць апатычная, якая трывае ў бяздзеянні там, дзе трэба бы дзейнічаць, ані пабожнасць сентыментальныя, што толькі шукае эмоцый і губляецца ў мроях; гэта пабожнасць мужная, якая аб’яўляе сваю любоў у слуханні Божай волі, праз святую адданасць ў рукі гэтага любячага Айца, Які ведае лепш чым мы, што для нас адпаведнае, і Які дасвядчае нас толькі для таго, каб нас ачысціць і з сабой з’яднаць”. 
З гэтай пабожнасці расла любоў да асобаў і рэчаў, якія ўдзельнічалі ў Божым існаванні і Яго дасканаласці. Біскуп Зыгмунд любіў і шанаваў Маці Божую, бо Яна з’яўляецца Багародзіцай; Анёлаў і Святых, бо яны з’яўляюцца водблескам Божых якасцей, Святое Пісанне, бо гэта Божае Слова, Касцёл, бо гэта Містычнае Цела Хрыста, св. Айца, бо ён намеснік Пана Езуса; любіў і шанаваў начальства, бо праз іх пазанаваў Божую волю, людзей, бо гэта дзеці Божыя, нарэшце ўвесь свет, бо гэта Божая справа і выраз Яго добрай моцы. Умеў на ўсё глядзець вачыма веры і ва ўсім знаходзіў сляды Божага Прадбачання.

Марыйнае навучанне

Як ужо ўзгадвалася вышэй яшчэ ў вязніцы ў Аглоне займаўся перакладам гамілій з брэвіярыя пра Маці Божую і буллы Папы Пія ІХ пра догмат аб Беззаганным Зачацці на польскую мову. Тут распачаў апрацаванне сваіх “Маёвых разважанняў для духавенства”, адной з найважнейшых тэалагічна-аскетычных прац. З большымі ці меншымі перарывамі працаваў над ёй чвэрць веку. Гэтая праца вельмі грунтоўная і глыбокая. У ёй на фоне жыцця Найсвяцейшай Маці, абапіраючыся на Святое Пісанне і паданні, агаворвае таямніцу Уцелаўлення разам з праўдамі, звязанымі з ёй, і розныя праблемы аскетычнага і містычнага жыцця. Таму гэтая праца арыгінальная ад пачатку да канца, а аскетычныя практыкі, заключаныя ў кнізе, узяты з уласнага досведу аўтара – няма ў ёй нічога шаблоннага. Разважанні злучаны з унутранай малітвай і ажыўлены любоўю Бога і Найсвяцейшай Маці.

Гаворачы аб маёвых набажэнствах, біскуп Зыгмунд падкрэслівае, што мэтай гэтага набажэнства з’яўляецца не толькі малітва да Марыі і атрыманне яе дапамогі, але і пашырэнне культу Марыі. Прычына ж набажэнстваў да Марыі ў тым, што Марыя, пасля Езуса, найбліжэйшая істота да Бога праз сваю святасць, праз тое, што з’яўляецца Багародзіцай, і хто любіць Марыю, таго не можа не любіць Бог. А мець любоў Створцы – гэта канчатковая мэта чалавека… З другога боку, хто ўшаноўвае Марыю, ушаноўвае Бога, побач з Якім Яна так блізка знаходзіцца; а хто не шануе Яе, той не шануе і Бога, бо прызнае вялікую Справу, у якую Бог, гаворачы па-людску, столькі ўклаў свайго сэрца. Абавязак чалавека – складаць падзяку Пану за Яго дабрыню; а колькі ж гэтай дабрыні ёсць у Марыі! Бог заключыў у Ёй невычарпальныя дары сваёй ласкі, але не толькі для Яе, але і для нас… Бог заключыў у Ёй свае ласкі і даў Яе з гэтымі ласкамі нам; Яе, Маці сваю, даў нам за маці, бо хоча быць блізкім для нас, паколькі хоча мець з намі адну маці, і хоча, каб мы, як дзеці, былі найбліжэй да Той, Якая найбліжэйшая для Яго. Марыя – самая магутная Апякунка, і хто любіць Марыю, таго і Яна любіць і ахінае сваёй апекай. Не толькі патрэба, але і абавязак уцякаць пад Яе апеку відавочны у тым, што Бог зрабіў Яе пасрэдніцай паміж Сабою і людзьмі ў справе адкуплення. Маем абавязак прыглядацца да Марыі, найвышэйшага ўзору і школе цнот і параўноўваць сваё жыццё і ўчынкі з Яе. Хто любіць Марыю, той з лёгкасцю, захапляючыся Яе святасцю, стараецца пазнаваць Яе і праз наследаванне набліжацца да Яе сэрца, што вядзе да ўзрастання ў цнотах і любові Бога.

Звяртаючыся ў сваіх разважаннях да святароў, біскуп Зыгмунд малюе перад імі прыклад сапраўднага пастырскага служэння, якое непадзельна звязана з прысутнасцю і апекай Марыі ў жыцці не толькі Боскага Сына, але і кожнага святара.

“Кожны святар павінен любіць засяроджанае жыццё; чуванне над сабой і ўнутраная праца з’яўляюцца найважнейшым яго заданнем і істотнай умовай плённасці яго пастырскіх намаганняў; але гэтая праца над уласнай душой сцісла з’яднана з сумленнем і руплівым выкананнем усіх пастырскіх заданняў. Дрэнным пастырам з’яўляецца той, хто занядбоўвае авечак праз прагавітасць ці ляноту, як і такі, што ім дае менш, чым можа даць, і – з погляду на акалічнасці, у якіх ставіць яго Бог – даць павінен, вымаўляючыся патрэбамі ўласнай душы. “ Гэта трэба было рабіць, і таго не пакідаць ” (Мц 23, 23). Немажліва збавіць сваю душу, грэбуючы абавязкамі адносна бліжніх; і наадварот найверагоднейшая дарога асвячэння сябе з’яўляецца для апостала аддаць душу сваю за авечкі свае (пар. Ян 10, 11). Гэта нікога не можа дыспэнсаваць ад малітвы, сканцэнтраванасці, разважання, чування над патрэбамі ўласнага сумлення.

“Радуйцеся заўсёды ў Пану; і яшчэ кажу: радуйцеся. Пакорнасць ваша хай будзе вядомая ўсім людзям. Пан блізка. Не турбуйцеся ні пра што, а заўсёды ў малітве і прашэнні з падзякай адкрывайце свае жаданні Богу, – і мір Божы, які вышэйшы за ўсякі розум, ахавае сэрцы вашыя і помыслы ў Езусе Хрысце” (Флп 4, 4 –7). Гэтую радасць, ціхую і сціплую, але глыбокую як любоў, з якой выплывае, бачым у Марыі, прысутнай на вяселлі і сардэчна ўдзельнічаючай на ім. Насіць яе таксама павінен у душы кожны слуга Божы, а асабліва святар, прымаючы штодня да свайго сэрца Боскага Госця з Каны Галілейскай.

Прысутнасць Збаўцы і Марыі ў Кане і іх пастава там (адносна многіх іншых евангельскіх здарэнняў) дае святару падказку, у якой гатоўнасцю павінен пастыр раздзяляць і радасці, і сум, і клопаты сваіх авечак, як павінны ўсе іх сем’і лічыць яго сваім членам, якога турбуюць усе яе справы. Размова не аб тым, каб святар часта бываў на свецкіх забавах. Аб Пане Езусе чытаем, не што бываў на вяселлях, але што быў на вяселлі; калі ўдзельнічаў у гасціне, то заўсёды для духоўнай карысці гаспадара і прысутных; бачым таксама Пана, Які літуецца над незлічонымі хворымі, уваскрашае памерлых, плача над болем сясцёр Лазара, цудоўна корміць галодных, дапамагае лавіць рыбу сваім вучням, запрашае ўсіх да Сябе, каб атрымалі прахалоду ў працы і адпачынак для душы, і які з гэтай мэтай застаецца з намі ў Найсвяцейшым Сакраманце... – Добры Пастыр умее такт захаваць, аднак блізка ўдзельнічаць у жыцці сваёй аўчарні і раздзяляць з ёй як вялікія, так і малыя радасці і смутак. Але для гэтага трэба мець Хрыстовае сэрца...”

Цнатлівае жыццё

Слуга Божы, разважаючы пра цнатлівае жыццё, звяртае ўвагу, што менавіта жыццё Найсвяцейшай Панны з’яўляецца школай мастацтва духоўнага з’яднання з Богам.

“Патрэбен для гэтага неабходны грунт веры, любові і пакоры, цнотаў, якія ззяюць у Марыі на старонках Евангелля. Не дастаткова халоднай веры ў Бога–Стварыцеля, ані прызнання праўдзівасці Евангелля, ані некрывадушнага абвяшчэнне службы Божай з амбоны, калі ўсё гэта не з’яўляецца для цябе жывой і любімай праўдай. Трэба верыць у Бога – свайго Айца, Які чула і з клопатам укладае ўсе дробязі твайго жыцця; трэба верыць у жывога Хрыста Пана, Які глядзіць на цябе і прагне твайго збаўлення; трэба верыць не толькі розумам, але і ўсім сэрцам у тое, што Пан Езус стала думае пра цябе, укрыты ў алтары твайго і ўсіх іншых касцёлаў, і што робіш яму салодкую пацеху, калі да яго прыходзіш, а паколькі не можаш стала быць у касцёле, то колькі разоў з прагненнем адведаеш яго, звяртаешся да яго душой, выказваеш свае пачуцці і прагненні, страхі і надзеі, скаргі, просьбы, акты любові.

Пакора павінна быць ў перакананні, што сапраўды без Пана Езуса ані кроку добра зрабіць не можаш, – а любоў павінна цябе падштурхоўваць ва ўсім з даверам, не знікаючым ніколі і пры ніякіх акалічнасцях, разлічваць на Пана Езуса… 
З любові павінна нараджацца адарванне сэрца ад зямных рэчаў і як найдалей абыякавасць да ўсяго, што цябе сустракае; а з пакоры – паслухмянасць ва ўчынках і прыняцці ўсялякіх Божых прысудаў. І тут зноў даюць нам навуку фрагменты Евангелля з жыцця Маці Божай.

Разважанне неабходна для святара як і для кожнага хрысціяніна. А паколькі з пустога нельга наліць, і каб разважанне было мэтанакіраваным, паважным, трэба вучыцца, чытаць, клапаціцца, калі можна, аб добрым правадніку для сябе, а перш за ўсё пакорна маліцца, каб заслужыць ласку, якую Бог дае пакорным (пар. 1 П 5, 5), і вытрывала, з даверам чакаючы, што Пан нас выслухае і дасць тое, што з верай просім для Яго хвалы (пар. Мк 11, 22 і наст.; Як 1, 5 і наст.).

Дзеянне ласкі, пра якое вучыць адзін з найцудоўнейшых і найпрыемнейшых догматаў веры, – фундамент камуніі святых. З гэтага такая выснова: не толькі з погляду на лёс асобных душаў, але і ўвогуле на справу Божую і на дабро ўсяго чалавечага роду святар павінен клапаціцца, каб сам стала быў ў стане ласкі і да гэтага праводзіў тыя душы, над якімі даверана апека. Кожны хрост нованароджанага дзіцяці, разграшэнне, якое святар удзяляе ў канфесіянале, кожны акт любові ці дасканалай скрухі, да якога ўдасца схіліць душу, аддаленую ад Бога, няхай ставіць перад вачыма, паводле меры погляду на ўсю веліч дадзенай хвіліны, няхай абуджае ў сэрцы штораз новыя акты ўдзячнасці за дабрыню Бога да людзей і за пакліканне святара быць яе прыладай, няхай павялічвае святарскую руплівасць і больш таго, няхай гэтае разважанне вучыць любові і пашаны да душаў шчыра адданых Божай службе. Бо гэта Божыя сяброўкі, дамы Духа Святога, праваднікі неацанімых Божых ласк, прадметы, што радуюць няствораныя вочы Любячага Айца нашых душаў. Праз іх, хоць і не заўважальна, сплывае ні адна ласка і на святара.

З любоўю не звязана аніводная прывязанасць пачуццёвая, ані выключнасць сардэчных афектаў, ані капрызныя і зменлівыя ўпадабанні. Калі хтосьці любіць толькі некаторых альбо ў любові залежны ад настрою хвіліны, то не цяжка заўважыць у яго пачуццях дадатак ці прымесь пажадлівасці. Але хрысціянская любоў бліжняга не нараджаецца з пачуццяў ані кіруецца пачуццямі. Трэба дбаць, каб любоў да бліжніх мела характэрны накірунак дабрыні. Калі ты святар, то ў табе папросту павінны нараджацца айцоўскія пачуцці да бліжніх, якія не ўпаўнаважваюць цябе грэбаваць пашанай, якая належыць веку, полу ці стану кожнага чалавека. Ідзі за падказкай апостала: “ Старца не дакарай, а ўмаўляй, як бацьку; малодшых, як братоў; старых жанчын, як маці; маладых, як сёстраў, з поўнаю чысцінёю ” (1 Цім 5, 1 –2). Больш таго, няхай глебай, якая родзіць тваю любоў да бліжніх, будзе вера, якая павінна ажыўляць тваю дабрыню, гэта значыць, што перш за ўсё ў бліжнім павінен бачыць душу, створаную на вобраз і падабенства Божае, адкупленую крывёю Хрыста, прызначаную да вечнага збаўлення і адказную за сваё жыццё на судзе Божым, і перад Богам спашлецца на добры ці дрэнны ўплыў, які ты на яе зробіш, сустрэўшы на сваёй дарозе. Любоў, якая мае рысы веры і дабрыні, не будзе ані пачуццёвай, ані капрызнай, ані неаб’ектыўнай, хоць можа мець розныя, адносна розных бліжніх, ступені і нюансы, залежна ад уплываючых на яе добрасумленных дзейнікаў і разам з анёльскай цнотай будзе свабодна развівацца, становячыся штораз больш гарачай і святой. Толькі такая любоў будзе крыніцай чыстых і заўсёды святых, свежых і здаровых радасцей сэрца.

Так дзякуючы Божай любові, якая панавала ва ўсім жыцці Марыі, Яна ўмела дасканала выконваць кожны абавязак, які на Яе ўскладаў Бог.

Таму ўчынкі з любові да бліжняга выконвай так, каб у іх заўважалася патрэба твайго сэрца.

Пільна карыстайся з магчымасці выканання добрага ўчынку, асабліва ўчынку любові бліжняга, бо не ведаеш, што праз цябе хоча зрабіць Бог. Можа маеш перад сабой дробязь, а на справе гэта аказія альбо пачатак вельмі важнай справы. Вялізныя рэкі нараджаюцца з ледзьве заўважных крынічак або ціхіх струменьчыкаў. У хвіліны ціхай малітвы Дзевы бярэ пачатак хрысціянства і адкупленне. Ці ведала Марыя, прыступаючы да праслаўлення Бога, што выплыве з Яе малітвы? Ніколі не грэбуй так званымі дробнымі аказіямі да добрага і дробнымі добрымі ўчынкамі. Не з’яўляецца дробным тое, да чаго нас пабуджае надпрыродная ласка і з чым звязана магчымасць павялічэння любові Бога і Божай ласкі”.

Цнатлівае жыццё непадзельна звязана з Евангельскімі парадамі, сярод якіх Біскуп Зыгмунд асабліва падкрэслівае ціхую пакору і паслухмянасць. Ён кажа, што “паслухмянасць – гэта цнота Хрыста і ўмова трывання ў Хрыстовай любові. Збаўца сказаў: “ Як палюбіў Мяне Айцец, і Я палюбіў вас; заставайцеся ў любові Маёй, калі наказы Мае выканаеце, застанецеся ў любові Маёй, як і Я выканаў наказы Айца Майго і застаюся ў Яго любові”. (Ян 15, 9 – 10). Паслухмянасць – гэта першароднае дзіця пакоры, а Пан Езус кажа нам вучыцца ад Яго, бо Ён ціхі і пакорнага сэрца, яднаючы гэты загад з указаннем: “ Вазьміце маё ярмо на сябе” (Мц 11, 29). Як пакора заключаецца ў прызнанні сваёй не мізэрнасці, але нікчэмнасці і праслаўленні Пана, так і паслухмянасць Божай волі не павінна ведаць межаў, бо дзе ставіць сабе мяжу, там не толькі абрываецца, але, адварочваючыся ад сябе, нішчыць і касуе дарогу, якой прабегла”.

Не менш важным ў жыцці хрысціяніна, асабліва святара, Зыгмунд Лазінскі бачыць не прывязанасць да матэрыяльных рэчаў, убоства. Спасылаючыся на ўбоства Марыі ён піша: “Заўваж, што Найсвяцейшая Панна складае ахвяру ўбогіх; няхай гэта заахвоціць цябе да любові ўбоства і не прывязанасці да багацця і да шчырага прызнання, у разе пратрэбы, без фальшывага сораму, што ў выдатках павінен эканоміць”.

Гаворачы пра духоўнае ўзрастанне, вучыць прастаты, як найбольшага адпаведніка з’яднання з Богам і шчырай любові да Яго і бліжніх.

“Няма перагародак паміж простай душой і Богам, бо такая душа не робіць выгляду, што шукае Бога, але сапраўды Яго шукае, а Бог у той жа час перад душой не скрываецца. Пра ўмовы набліжэння душы да Бога піша Мудрэц Пана: “Разважайце аб Пану ў дабрыні, і ў прастаце сэрца шукайце Яго, бо Яго знаходзяць не спакушаючыя Яго, і аб’яўляецца тым хто верыць ў Яго” (пар. Мдр. 1, 1–2). Той спакушае Бога, хто нібыта веруючы ў Яго, жыве ў граху або служыць Богу недасканала, не з усяго сэрца; першыя выпрабоўваюць яго цярплівасць і ўсемагутнасць, другія нібыта хочуць ашукаць Яго; і адным і другім нестае шчырасці і прастаты; гэтыя і тыя адпіхваюць ад сябе Бога. Палавінчатая рэлігійнасць ці толькі з назвы не набліжае да Бога, бо робіць чалавека падобным да тых, хто паводле слоў прарока пабудавалі парог свой каля парога Майго і вяроўкі дзвярэй сваіх каля дзвярэй Маіх, так што адна сцяна была паміж Мною і імі (пар. Эзх 43, 8).

Няма сцяны паміж прастой душой і бліжнімі, бо яна мае зносіны з імі, як з братамі, і не палохае іх ані карыслівасцю, ані дыпламатыяй, ані жаданнем панавання над імі. Простая душа не выстаўляе сваёй пакоры на паказ, бо не ўмее нічога рабіць для паказу, ды і пакора не можа шукаць паказухі, не перастаўшы найперш існаваць; пакора і паказуха, або фанабэрыстасць, так наўзаем выключаюць адна адну, як праўда і фальш, святло і цемра; нельга ўбачыць, як выглядае святло ў поцемку, ані пры святле прыглядацца цемры; праўда не можа мець фальшывага боку, ані хлусня праўдзівага; таксама цнота не можа быць грахом або спакусай. Але прастата не ўтойвае пакоры, бо любіцельніца праўды, бачачы ў пакоры праўду, не можа яе адрачыся. Таксама пакора, брыдзячыся ўсялякай дэманстратыўнасці і ўзвышэння, ззяе прастатой і праз яе становіцца бачнай для ўсяго акружэння і ўсіх да сябе прыцягвае.

Толькі ў чыстай атмасферы пакоры і любові Бога і бліжняга квітнее прастата.

Прастата Найсвяцейшай Дзевы Марыі яснее ўсім бляскам ў яе прыгожай песні. Яна праслаўляе Бога за дадзеныя ёй ласкі, называючы іх вялікімі, радуючыся ім і папросту выказваючы сваю радасць. Нават з пабожнымі асобамі не раз здараецца, што праз пакору адмаўляюцца Божых дароў. Існуюць такія ласкі, пра якія ў хрысціянскай разважлівасці трэба да часу прамаўчаць, з погляду на патрэбы ўласнай душы або на дабро бліжніх; пакора не дамагаецца балбатлівасці ці нетактоўнасці і не з’яўляецца ініцыятаркай для тых, якія з паспешнасцю гатовы абвяшчаць усякія свае спакусы і падзенні; насупраць пакорны чалавек увогуле не любіць гаварыць пра сябе ані добра, ані дрэнна, бо хоча не таго, каб яго бачылі ў прыгожым адзенні або ў лахманах, але каб яго ўвогуле не было бачна. Аднак адсюль не вынікае, што мудра было б пярэчыць існаванню яўных дароў Божых, або іншым прыпісваць вынікі, якія з’яўляюцца плёнам ласкі. Калі ў такім выпадку чалавек не шчыра адмаўляецца, то робіць не акт пакоры, але ашуквае; калі шчыра – то акт няўдзячнасці; у адным і другім выпадку свядома ці несвядома прамаўляе пыха, бо чалавек ў выніку прыпісвае сабе тое, што з’яўляецца Божым дарам, і таму баіцца пахвалы, якая б яго ўзвысіла. Пакорны чалавек, бачачы ў тым, што атрымаў, не ўласную заслугу, але дабрыню Пана, не баіцца пахвалы, якая яму, як ведае і дасканала адчувае, нічога не дадасць, але праславіць Бога. А скрытая пыха палохае чалавека, што ён, калі прызнаецца, што мае Божы дар, то выклікае на сябе абвінавачванне ў пысе; пакорны не баіцца такіх упакорванняў, і калі б яны яму пагражалі, то з яшчэ большай паспешлівасцю выцягне па іх руку, каб яго прыніжэнне больш яскрава выявіла скарбы Божай міласэрнасці і шчодрасці. Трыманне гэтага метаду з’яўляецца такой вялікай цнотай хрысціянскай прастаты, прыклад якой дае нам песня Найсвяцейшай Дзевы Марыі”.

Біскуп не толькі паказвае прыгажосць пакоры і прастаты, але і дае практычныя парады і прыклады малітвы Дзевы Марыі, як уласнай малітвы: “Вось я слуга Гасподні, няхай мне станецца паводле Тваёй волі”. І кажа, што тады можна быць спакойным, што не ўпляцешся ў няшчасці і духоўныя небяспекі.

Акрамя такой кароткай і глыбокай малітвы, заахвочвае на падставе ўласнага акту самаадрачэння, якое адпавядае ўнутранаму жыццю, да поўнага аддання сябе ў распараджэнне Бога без якіх-небудзь умоў.

Пра малітву на ружанцы і разважанне яго таямніц звяртаецца да хрысціяніна ў кнізе “Святы Ружанец”, у якой праслаўляе Багародзіцу і звяртае ўвагу, што з медытацыі нельга апускаць адносіны прадмету кожнай таямніцы ружанца да нашага збаўлення; таксама важна мець на ўвазе ролю, якую Найсвяцейшая Панна іграе ў пададзеных для разважання момантах справы адкуплення. Хвала Божага Сына – канчатковая мэта ружанцовага набажэнства.

А разважаючы таямніцы ружанца ў святле ўласнага жыцця, запрашае наследаваць Марыю ў яе даверы Богу, быць ўпэўненым ў Яго падтрымцы.

“Памятай, што ты і ўсё стаіш пад усемагутнай рукой Пана свайго, не бойся нічога, акрамя Яго абразы, не гаруй ні над чым, акрамя як над аддаленнем ад Яго, і смела кроч дарогай абавязкаў сваіх сярод перашкод і небяспекі, упэўнены ў гэтай Руцэ, якую нішто не пераможа, нішто не ашукае, і нішто ад яе не уцячэ. Трымайся яе спакойна, свядомы сваёй п рацыі, большым, чым спакой дзіцяці, якое спачывае на руках маці”.

Выхаванне

Сваю пастырскую любоў і клопат пра збаўленне кожнага чалавека Слуга Божы выказваў не толькі ў гэтых творах, але і ў статуце “Таварыства Дачок Марыі”, зацвердзіў для дыяцэзіі статут уніі жывога ружанца, які хутка быў уведзены ў некалькіх дзесятках парафій і ў пастырскіх лістах, звернутых як да ўсіх дыяцэзіян, так і да духавенства, і ў патрыятычных артыкулах.

Духоўная постаць святара, якую намаляваў у 1931 годзе у лісце да духавенства, з’яўляецца дасканалым вобразам яго ўласнага жыцця, напісаў тое, што сам перажываў і практыкаваў. Чытаем і думаем пра яго: “Святар, які мае дух Хрыста, жыве жыццём веры, адрозніваючы дарогу жыцця часовага ад вечнай мэты. Ведае, што шчасце ёсць ў Богу і толькі ў Богу яго моц, жыве ў малітве…”

Святарам сваёй дыяцэзіі загадаў пасля кожнай чытанай Св. Імшы маліцца з народам наступнай малітвай: “Пане Езу Хрысце, узглянь, просім Цябе, на знявагі, у якіх знаходяцца многія тысячы нашых братоў у тых краінах, дзе святое Імя Тваё пераследуецца. Выбаў іх з суровай няволі і з небяспекі, пагражаючай іх душам і целам. І не дай іх на разарванне ворагу, які з нянавісці да Цябе чыніць ім шкоду. Абарані таксама нас ад усялякага злога, падпільноўваючага нас звонку ад злых суседзяў і знутры ад нашых уласных слабасцяў. Учыні з нашай зямлі валадарства Тваё і валадарства Марыі, Тваёй Маці. І дай нам крочыць заўсёды дарогай збаўлення вечнага для хвалы Твайго Імя. Амэн”.

Што датычыць хрысціянскага жыцця ў краіне, то тут звяртаў увагу на адносіны людзей да сваёй Каралевы, да Найсвяцейшай Дзевы Марыі. “Абралі мы сабе Маці Найсвяцейшую за Каралеву, таму ясна, хто як Каралева павінна кіраваць нашым краем: Яе права павінна панаваць, Яе воля распараджацца ўсім. А што гэта за права і якія распараджэнні. Вядома не іншыя, адно тыя самыя, што і распараджэнні Хрыста Пана. Не можа звацца верным слугою ані падданым Марыі, хто не з’яўляецца добрым хрысціянінам і хто Хрыстовага права не ставіць перад усялякімі прынцыпамі і правіламі сваіх учынкаў. І калі Польшча мае быць Каралеўствам Марыі, то першасным і кіруючым кодэксам Польшчы павінен быць катэхізм у абедзвюх частках: дагматычнай і маральнай. Катэхізм павінен быць прызнаны за абавязваючы не толькі кожнага жыхара Рэчы Паспалітай, але і ўсе яе станы: духавенства, войска, свецкіх, усякія ўлады, усе галіны дзяржаўнай працы: адміністрацыю, суды, адукацыю, правадаўства і палітыку, словам усю Польшчу ў поўным значэнні выразу.

І няхай ніхто не пасмее сказаць ці хоць бы думаць, што можна было б ушаноўваць Марыю праз чулыя ўздыхі праз святкаванні і ўрачыстасці, праз апеку над яе святынямі, а не лічачыцца з памяццю пра яе сэрца і правы ў штодзённым жыцці; альбо што дастаткова маліцца штодня да Марыі і называцца Яе слугою, але без памяці пра Яе ў публічным жыцці, напрыклад, у працы гандлёвай, у кіраўніцтве, у грамадскіх акцыях… Кожную знявагу, зробленую пашане і імені Марыі, трэба лічыць за сваю справу і крыўду асабістую… Няхай аніводзін прыземлены погляд, аніводная маладушнасць, аніводная абыякавасць не стрымае нас ад таго, каб стаць у абарону правоў нашай Каралевы і прынцыпаў жыцця, якія нам дыктуе яе служба.”

“Калі Польшча з’яўляецца каралеўствам Марыі, то пашана да Яе не павінна ніколі і нідзе быць памяншаная ці адсунутая ў цень. Насупраць як найафіцыяльнейшае, найлепшае месца павінна яна займаць і не толькі ў нацыянальных урачыстасцях, але таксама ва ўсім жыцці народа…

“У сапраўдным каралеўстве Марыі няхай кожны адчувае сябе дома, у маці, сярод братоў. Тыя, хто з’яўляецца гасцямі, няхай адчуваюць, што маюць добрых і справядлівых гаспадароў, якія непахісна захоўваюць лад, але нікога не крыўдзяць і ўвогуле клапоцяцца пра дабро ўсіх”.

“Для хрысціяніна папяровага, летняга, апатычнага распаўсюджванне альбо панаванне памылак і фальшу з’яўляецца абыякавай рэччу, але для народу, дзяцей і падданых Марыі, не можа быць абыякавым, ці людзі ведаюць і шануюць Хрыста, як належыць, ці не. А да клопату пра духоўнае дабро люду рускага ці расійскага яшчэ і тое нас павінна заахвочваць, што ў ім хоць і скажоная, але моцная і жывая (прынамсі да апошніх часоў) прывязанасць да Марыі, якая магла б стацца вузлом, злучаючым нас пачуццёва з гэтым няшчасным народам. Прысутнічае яго няволя ў кіпцюрах народу забойцаў і праследавацеляў Збаўцы свету, якія палаюць такой нянавісцю да нашай Айчыны і таксама ў Расіі пашыраюць спусташэнне, а ў Польшчы намагаюць распаўсюджваць, а з’яўляюцца ж братамі, па крыві нашай, ці найбліжэйшымі Пана Езуса і Каралевы Нябеснай і не з’яўляецца часам падказка, што Пан Бог менавіта ад нас жадае і чакае з гэтым племем каінавым жыдоўскім праз распачацце шырокамасштабнай місійнай працы сярод яго сыноў, якія маюць розумы, захутаныя нешчаслівай цемрай”.

Сам жа да любімай Радзімы звяртаецца з патрыятычным апелем: “Узнімі ж, Польшча, Айчына наша, высока, высока штандар сваёй Каралевы. Няхай вобраз яе яснее заўсёды побач з сімвалічным тваім арлом… Але няхай гэта будзе не забава, не маска ці знешняе ўпрыгожванне, але выраз шчырага твайго пераканання і тваёй глыбокай любові; няхай будзе сімвалам таго, што палётам арла кіруюць тыя прынцыпы, якіх Настаўніцай і Апякункай з’яўляецца Беззаганная, Унебаўзятая Каралева Кароны тваёй…

У вачах іншых

Адным словам, быў мілым чалавекам, які служыў прыкладам дабрыні і богабаязні.

Гэтыя разважанні ў выніку выліліся ў руплівую прафесарскую працу. Кс. Зыгмунд старанна і пільна рыхтаваўся да выкладаў. З запалам вывучаў Святое Пісанне. Аднак алюмны больш загартоўваліся яго святасцю, чым карысталі з лекцый.

Біскуп Зыгмунд атуляў сваім гарачым пачуццём любові ўсіх сваіх дыяцэзіян, яднаючы іх у сваім айцоўскім сэрцы ў адну вялікую сям’ю. І даволі хутка ўсе пераканаліся, што ў ім маюць сапраўднага айца і духоўнага кіраўніка.

Усе яго пастырскія лісты і прамовы адзначаюцца лагічным токам думак, прастатой і яснасцю выказвання, тут жа любоўю да Божай справы. Намагаўся ў іх заахвоціць духавенства да больш святога жыцця, свецкіх сабраць і арганізаваць у брацтвы і таварыствы каталіцкія, перасцерагчы перад згаршэннем, нагадаць і вытлумачыць абавязкі адносна Бога, Найсвяцейшай Маці, святых і ўласнай дзяржавы і пабудзіць да практыкавання цнот пабожнасці, любові і міласэрнасці. Прабіваецца ў іх чулая троска, празрыстая дбайнасць айца адносна ўмілаваных дзяцей.

Неўзабаве, дзе б ні працаваў, слыў як непараўнальны спаведнік і духоўны кіраўнік, канфесіянал якога ў вызначаныя часы заўсёды быў акружаны жадаючымі паспавядацца ў яго.

Кс. Зыгмунд працаваў ціха, без агалоскі. Ніколі не гаварыў пра сваю працу або поспехі. У той жа час сваім прыкладам, словам, якое выплывала з глыбокага пераканання і духоўным кіраўніцтвам прыцягваў людзей за Бога і пабожнага жыцця – будаваў Божае Валадарства ў душах людзей.

Часта асабіста павучаў душы, што ўва ўсёй духоўнай працы трэба “шукаць апоры з боку Найсвяцейшай Маці і вельмі на яе разлічваць, менавіта як на Маці Божай ласкі, як на тую, праз якую Пан Езус сам да нас прыйшоў і хоча выліць на нас усе ласкі і дабрадзействы. Штодня Ёй усю сваю працу давярай і на пачатку кожнай справы няхай да яе звернецца сэрца тваё, і Ёй і праз Яе рабі падзяку за кожны плён сваіх намаганняў”.

Росквітам усіх яго цнот была сумленная пабожнасць, якая палягала на жыцці ў Богу, з Богам і для Бога. Будучы ў стане ласкі пасвячаючай, у еднасці з Панам Езусам, да Бога кіраваў усе свае думкі, словы, учынкі і цярпенні. Меў сыноўскую прывязанасць да Бога, якога праслаўляў са святой паслужлівасцю, як свайго самага любімага Айца. Любіў Яго безумоўна. Адсюль нараджалася ў ім гэтая велікадушнасць і ненасытнае жаданне цярпець для Бога і Яго хвалы.

“Адчуваўся ў ім, – сведчыць гаспадыня яго дзядзькі Дыянізія, – якісьці іншы, незвычайны тып чалавека, святара, які жыве сапраўды паводле падставаў Евангелля, авеянаг а Хрыстовым духам, ад якога прамяніла святасць на ўсіх, хто да яго набліжаўся альбо з кім прабываў”.

Сваёй зычлівасцю і дабрасумленнасцю біскуп Зыгмунд заваяваў сэрцы ўсіх, з кім звёў яго Провід у маскоўскай вязніцы на Бутырцы. Быў для іх ясным промнем у цемры жыцця ў вязніцы.

Заканчэнне

Марыйная духоўнасць, адзін з аспектаў духоўнага жыцця хрысціяніна, фарміруецца паводле ўзору духоўнасці і ўзрастання ў веры, надзеі і любові Дзевы Марыі, і ў той жа час з’яўляецца дыялогам з Маці Збаўцы ў жыцці хрысціяніна. 
Аднак трэба адрозніваць марыйную духоўнасць ад пабожнасці і сціслага культу Марыі, бо духоўнасць з’яўляецца фундаментам для пабожных практык, якія праяўляюцца ў малітвах, пілігрымках да санктуарыяў, надаванні дзецям імені Марыі, і пабудове касцёлаў і іншых устаноў з Яе тытулам. Таму можна гаварыць пра пабожнасць “да Марыі”, а пра духоўнасць “як Марыя”.

У сваю чаргу, духоўнасць, чэрпаючы з багацця Святога Пісання, асноўнай сваёй крыніцы, разважае пра Марыю, Якая як прадказанне і правобраз з’яўляецца на старонках Старога Запавету і як удзельніца Таямніцы Збаўлення на старонках Новага Запавету. У Евангеллі сустракаемся з постаццю Марыі – простай звычайнай жанчыны, якая, хоць і была адораная надзвычайнай Божай ласкай, не пазбавілася ўзрастання на дарозе веры, надзеі і любові. З дня ў дзень Марыя, як сапраўдная “Служка Пана”, імкнецца да дасканаласці “чыстых і ўбогіх сэрцам”, штораз больш яднаецца з Богам, верна выконваючы пакліканне Маці Езуса, чалавека і Бога, Яна клапоціцца пра Яго і пасля Яго смерці па запавету з Крыжа становіцца маці ўсіх веруючых.

Першы догмат аб Багародзіцы Марыі, які пацьвярджае Яе боскае мацярынства, яшчэ больш паспрыў развіццю хрысціянскай духоўнасці, пабожнасці і культу Багародзіцы ў Касцёле згодна з Яе словамі (Лк 1, 48 – 49). Цесная сувязь паміж ушанаваннем Багародзіцы і Божага Сына спрыяе большай пашане і большаму з’яднанню з Уцелаўлёным Словам Божым Езусам Хрыстом. Таму марыйная духоўнасць не зацямняе, а наадварот яшчэ больш адкрывае Езуса і дапамагае ў пазнанні і любові Бога.

Хрысціянскае жыццё веры з’яўляецца па сутнасці жыццём у Хрысце і Духу Святым. Таму наследаванне Марыі, супрацоўніцы і Абраніцы Духа, дзейнасць Якой падтрымліваецца дзеяннем Духа Святога, з’яўляецца паўнатой хрысціянскага духоўнага жыцця ў Духу Святым.

Марыя, як дасканалы прылад вучня Хрыста, з’яўляецца люстэркам цнот і ўвасабленнем блаславенстваў, абвешчаных Езусам ў Нагорнай пропаведзі (пар. Мц 6–8), і таму Касцёл бачыць у Багародзіцы дасканалы прыклад да наследавання. 
Марыйная духоўнасць у сваю чаргу дапамагае жыць як сапраўдны хрысціянін і рыхтавацца да адпаведнага перажывання таямніц у надзеі, веры і любові. Марыя, як першы і дасканалы вучань, з’яўляецца сапраўдным прыкладам для хрысціяніна, а як Маці аказвае ўласцівы ўплыў сваёй прысутнасцю, заступніцтвам і мацярынскім клопатам, падтрымліваючы і ўмацоўваючы кожнага веруючага.

Марыя поўнасцю прысвячае сябе справе збаўлення як Маці, Заступніца Пасрэдніца і Апякунка. Уплыў маці праяўляецца праз прыклад, які мае вялікае значэнне і прыносіць вялікі плён. Слодыч узнёслых цнотаў Багародзіцы, падмацаваная прыкладам жыцця ў Богу, з Богам і для Бога, прыцягвае душы да наследавання Хрыста, да наследавання прыкладаў дабрыні, неабходных ў жыцці хрысціяніна, бо сапраўдная пабожнасць паходзіць з глыбіні веры і сыноўскай любові Айца Нябеснага.

Сваім мацярынскім заступніцтвам Марыя дапамагае веруючаму вызваліцца ад зла і граху і імкнуцца да поўнага росквіту духоўнага жыцця, усё больш станавіцца падобным да Хрыста, умацоўвацца ў любові да Бога і бліжняга, у абароне свабоды і спакою.

Марыя ікона Касцёла. Прыклад Яе жыцця паказвае спосаб існавання і дзеяння Касцёла. Кантэмплюючы постаць Марыі, адкрываем і разумеем нашае пакліканне, а наследуючы Марыю, крочым Яе дарогамі. Святы Дух, уводзячы нас праз літургію ў камунію з Марыяй, дапамагае адкрыць не толькі Яе пасрэдніцтва ў Божай ласцы, але і ў еднасці з Хрыстом. Хрысціянін, які наследуе Марыю, наследуе Яе ў жыцці ў супольнасці, у практыкаванні ўчынкаў любові і міласэрнасці. Кожны раз гэтае наследаванне падмацавана Яе мацярынскім заступніцтвам. Наследуючы Марыю, веруючы паказвае свету Хрыста, і, падобна да Яе, застаецца ў цені.

Цноты Марыі: вера і воля падпарадкаваная Божаму слову, вялікадушная паслухмянасць, шчырая пакора, клапатлівая любоў, разважлівая мудрасць, моц духа, поўнае годнасці ўбоства, дзявочая чысціня, пашана і адданасць Богу – Божы дар, які выліваецца на таго, хто з любоўю ўглядаецца ў Марыю і імкнецца яе наследаваць.

У адной вялікай хрысціянскай сям’і, народжанай праз мацярынства Марыі, стала гучаць Яе словы: “ Зрабіце ўсё, што вам скажа ” (Ян 2, 5). Таму намаганне станавіцца падобным да Хрыста і крочыць Яго дарогамі, значна лягчэй рэалізуецца разам з Марыяй. Любоў да Марыі ажыўляе духоўнае жыццё кожнага хрысціяніна.

Пашана да Марыі знаходзіць своеасаблівы выраз не толькі ў народнай пабожнасці, якая выражаецца ва ўшанаванні месцаў, рэчаў, у малітве, але і ў літургіі: Марыя ўзгадваецца кожны раз у Эўхарыстычных канонах; не малаважнае месца займае ў Літургіі Гадзін, у сакрамантальных абрадах, блаславенствах цяжарных жанчын, у літургічных чытаннях.

Трэба адзначыць асаблівае месца марыйнай духоўнасці ў жыцці святара, Марыя з’яўляецца прыкладам і настаўніцай ушанавання Бога і ахвярнага з’яднання з Хрыстом і служэння Яму. Менавіта Яна ажыўляе і накіроўвае адпаведным чынам пастырскую любоў святара. Паколькі святар пакліканы імкнуцца да святасці і дапамагаць сваім братам у свеце, то яго духоўнасць з’яўляецца фундаментам яго душпастырскай працы. Святар, беручы прыклад з Марыі, Якая жыве ў сціслым з’яднанні з Хрыстом, дасканала пазнае паўнату свайго паклікання і з любоўю адказвае на любоў Бога, імкнучыся да сціслага з’яднання з Ім. Практыкуючы цноты паслухмянасці, чысціні і ўбоства разам з Марыяй і па Яе прыкладу, выражае сваю любоў і камунію з Богам, і на першым месцы ставіць Божую волю і дабро бліжніх, а не ўласныя імкненні. У святарскім служэнні мае сваё праяўленне таксама і мацярынства Марыі, якое выліваецца ў духоўнае айцоўства.

Святар, набліжаючыся да алтара ў Эўхарыстычнай літургіі, скіроўваецца да Маці Хрыста, Якая ў поўні з’ядналася з ахвярай Сына і прыняла яе для сваіх “дзяцей”, чым далучылася да справы збаўлення, якая кожны раз здзяйсняецца на алтары ў Эўхарыстыі. Таму “Марыя з’яўляецца прыкладам прыняцця дару, які Езус робіць з сябе самога ў Эўхарыстыі”.

Усё вышэй сказанае адносна марыйнай духоўнасці знайшло выраз у жыцці Слугі Божага Зыгмунда Лазінскага. Ужо з маленства, з бацькоўскага дому ён быў прывучаны шанаваць Бога і іншага чалавека. Бацькі Зыгмунда, уздзейнічаючы прыкладам і словам, стараліся выхоўваць сваіх дзяцей у духу ўзаемнай любові, пашаны, зычлівасці, замілавання да рэлігійных практык і да роднага краю. У сям’і Лазінскіх вельмі шанавалі Найсвяцейшую Маці, асабліва ў выяве Маці Божай Вострабрамскай. 
Плады гэтага выхавання ў духу любові праяўляліся ў Зыгмунда ўжо з дзяцінства, ён адзначаўся сваёй любоўю і паслухмянасцю бацькоў і іх волі, праўдамоўнасцю і шчырасцю ў пашане Касцёла і Бога. Будучы вучням варшаўскай гімназіі, застаўся верны тым маральным прынцыпам, якія вынес з роднага дому і змог захаваць чысціню і сціпласць ва ўсім.

Усе свае жыццёвыя цяжкасці і невядомую будучыню заўсёды з даверам складаў Богу праз Матчыны рукі Багародзіцы. Не раз наведваў Вільню, дзе ў Вострай Браме даручаў Марыі перад Яе цудоўнай іконай сябе, сваё навучанне, сваё святарства, сваё біскупства, сваіх родных і блізкіх, сваіх дыяцэзіян. Да Вострай Брамы арганізоўваў пілігрымкі з Мінскай і Пінскай дыяцэзій.

Ужо з семінарыйных гадоў вельмі старанна клапаціўся пра духоўнае развіццё і фармацыю, не забываючыся ў той жа час і пра навуку. Стала змагаўся з недасканаласцямі і спакусамі, практыкуючыся і ўзрастаючы ў цнотах чысціні, пакоры і ўбоства, імкнуўся да святасці, прагнучы ў святарсве служыць Богу і людзям. Стала разважаў над дарам паклікання, маліўся аб уласным пакліканні і даручаў Марыі, Маці Збаўцы. Таксама быў членам розных марыйных брацтваў: шкаплернага, ружанцовага, беззаганнага зачацця.

Ва ўсім і заўсёды шукаў выканання Божай волі, старанна, з карысцю і дзеля Божай хвалы выкарыстоўваючы кожную хвіліну часу. У карным кляштары ў Аглоне, згаджаючыся з Божай воляй у сваім жыцці, поўнасцю прысвяціў сябе руплівай святарскай паслузе, служачы ссыльным і мясцовым жыхарам у духоўных і матэрыяльных патрэбах. Заўсёды з радасцю прыходзіў на дапамогу тым, хто прасіў і патрабаваў дапамогі.

Працаваў і імкнуўся да святасці, штодня больш яднаўся з Богам, не раз у малітве і аскетычных практыках перажываючы цяжкасці жыцця. Сваёй руплівасцю, набожнасцю, любоўю да Бога і бліжняга збіраў людскія сэрцы для Бога, збіраў у адну хрысціянскую сям’ю. Ахінаў сваёй апекай і клопатам моладзь і дзяцей, асабліва сірот і пакінутых дзяцей, дзяцей з бяднейшых сямей, беручы на сябе выхаванне, утрыманне і іх адукацыю.

Пакора, зліваючаяся ў адно з апостальскай руплівасцю, ахвярнасць з цалкавітым самаадрачэннем, любоў і прагненне крыжа для большага ўдзелу ў жыцці Хрыста была для Слугі Божага біскупа Зыгмунда Лазінскага крыніцай моцы і матывам да працы на ніве Пана. Прасіў Маці Божую, каб выпрасіла для яго ласку раздзяляць прыніжэнні Пана Езуса, удзельніцай якіх была…

Біскуп Лазінскі Заўсёды быў а ўтэнтычны м , шчырым і натуральным у пабожнасці і чынах і вольным ад уплываў людскіх поглядаў. А яго жыццё – гэта рэалізацыя слоў гімна Марыі Magnificat : “ Вялікія рэчы стварыў мне Усемагутны. Святое імя Яго ” (Лк 1, 49).

1 Пар. Ліст да духавенства ў: MDM 1925, № 8.
2 Пар. List pasterski, PPD 1931r, Nr 13.
3 Пар. BpZygmunt ŁozińskiŚwiety RóżaniecPińsk 1929, s. 13, 14.
4 Пар. PPD 1927, № 5.
5 Пар. Bp.Zygmunt Łoziński, List pasterski z d. 12-go kwietnia 1925 rw: Кs. Jan Wasiliewski, maszynopis Ks. Zygmunt Łoziński Biskup Piński, Pińsk 1939 – 1959s. 375.

Кантакты

Леніна 16, 
225710, г. Пінск, Брэсцкая вобл.

Тэл. для даведак: (0165)65 41 45;      +375 256 044 186
Для лістоў:  Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.

Супольнасць ў сацыяльных сетках: