Заснаванне Вышэйшай Духоўнай Семінарыі ў Пінску і яе дзейнасць у 1925 – 1939 гг.

          Заснавальнікам Вышэйшай Духоўнай Семінарыі ў Пінску з’яўляецца слуга Божы біскуп Зыгмунт Лазінскі. Яму наканавана было некалькі разоў ствараць касцёльныя структуры на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Спачатку (1917 г.) гэта была арганізацыя дыяцэзіі ў Мінску. Пазней (1925 г.) такое ж заданне трэба было рэалізаваць на Палессі, калі ўзнікла новая Пінская дыяцэзія. Ведаючы, наколькі важнай для дыяцэзіі з’яўляецца справа фармацыі новых святароў, біскуп Зыгмунт Лазінскі тройчы рабіў спробы стварэння вышэйшай і ніжэйшай семінарый. Першы раз у Мінску 10 кастрычніка 1918 г., другі раз у Навагрудку 1 кастрычніка 1921 г., а трэці – у Пінску 12 верасня 1925 г. У Пінск семінарыю перанеслі невыпадкова. Біскуп Лазінскі прыняў такое рашэнне ў сувязі з тым, што менавіта ў  той час Ватыкан, а менавіта Папа Пій ХІ пачаў абмяркоўваць пытанне аб утварэнні новай дыяцэзіі з цэнтрам у гэтым горадзе.
         Пінская дыяцэзія паўстала 28 кастрычніка 1925 г. Яе ўзнікненне было зацверджана булаю “Vix dum Poloniae unitas”. Біскуп Зыгмунт Лазінскі стаў яе першым ардынарыем. У хуткім часе была створана курыя. У 1926 г. узнікла дыяцэзіяльная друкарня, а 1 мая 1927 г. паўстала Пінская Катэдральная Капітула.
Аднак вернемся да гісторыі семінарыі. Як ужо было адзначана, пачатак яе заснавання - гэта 1918 год,  Мінск. Гэта быў вельмі складаны і неспрыяльны перыяд. За кароткі час Беларусь перажыла нямецкую і польскую акупацыі і першыя праявы бальшавіцкага тэрору. Да ўсяго гэтага трэба дадаць яшчэ голад і гаспадарчае бязладдзе, як вынікі Першай Сусветнай вайны і Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 г. Аб тым, якім чынам у такіх умовах арганізоўвалася семінарыя, даюць некаторую інфармацыю каштоўныя ўспаміны спадарыні Канстанцыі Марыі Вярыгі-Дароўскай, якія сёння захоўваюцца ў Дыяцэзіяльным архіве ў Драгічыне (Польшча). Ва ўспамінах, між іншым, можна прачытаць наступнае: “Біскупу неабходна было стварыць семінарыю. Сабраў крыху клерыкаў “мінчукоў”1 . Загадаў кс. Браніславу Усасу паклікаць камісію для прыгатавання памяшканняў для клерыкаў у дамініканскім кляштары, дзе некалі перад царскай касацыяй размяшчалася Мінская Вышэйшая Духоўная Семінарыя. Рэктарам навучальнай установы стаў кс. Фабіян Абрантовіч, а інспектарам кс. Браніслаў Усас. Надчалавечых высілкаў патрабавала здабыццё ва ўмовах нямецкай акупацыі рэчаў неабходных для функцыянавання семінарыі, пачынаючы ад катлоў і пліт для кухні, сталоў і шафаў, аж да харчавання, якое пасля вайсковых рэквізіцый здабыць было выключна цяжка. Праблемай было нават здабыць пшанічную муку для выпякання камунікантаў”. Пасля адыходу немцаў Мінск занялі бальшавікі. “Уварваліся ў дом біскупа, загадалі яму высяляцца, рэквізавалі ўсе рэчы. Пастыр перабраўся жыць ў семінарыю. Тым часам трэба было рабіць запасы для клерыкаў і прафесароў на зіму. Ксёндз Юзаф Зелба ў вёсках Воўчкавічы і Анопалі купіў каля 600 пудоў бульбы і каля 300 пудоў капусты, буракоў і морквы. У прафесароў не было грошай, каб набыць цёплую вопратку на зіму”. Але ў хуткім часе, як сведчаць успаміны, біскуп знайшоў фінансавыя сродкі для ўтрымання клерыкаў і выплаты заробкаў выкладчыкам. З’явілася нават магчымасць прадаваць на рынку лішнюю капусту і мець з гэтага невялікія грошы.
У жніўні 1919 г. Мінск заняла польскае войска. Бальшавікі, паспешна ўцякаючы, пакінулі пасля сябе ў доме, дзе жыла спадарыня Вярыга-Дароўская шмат рэчаў, як, напрыклад, ложкаў, шафаў, пісьмовых сталоў, палічак, якія можна было б забраць у семінарыю. Калі людзі прапанавалі біскупу Лазінскаму гэта зрабіць, ён катэгарычна забараніў самавольна браць чужыя рэчы. І толькі калі ў справу ўмяшаўся гарадскі галава спадар Доўнар Запольскі і даў афіцыйны дазвол на прысваенне пакінутых рэчаў семінарыяй, кс. Б. Усас перавёз мэблю ў муры навучальнай установы. Удалося адрэмантаваць таксама сапсаваны вадаправод і правесці ў семінарыйным гмаху сістэму каналізацыі.
         Летам 1920 г. палякі пакінулі Мінск. Зноў з’явілася пагроза прыходу бальшавікоў. Біскуп Зыгмунт Лазінскі вырашыў перавесці клерыкаў да Улацлаўка, а ў наступным навучальным годзе мінскія клерыкі пераехалі ў Кельцэ. Сам жа біскуп да 1921 г. заставаўся ў Мінску. За гэты кароткі час ён двойчы арыштоўваўся савецкай уладай. Выехаць у Польшчу ўдалося толькі праз тры месяцы пасля заключэння Рыжскай мірнай дамовы2.
На пачатку кастрычніка 1921 г. у Навагрудку пачала дзейнічаць Ніжэйшая Духоўная Семінарыя. Яна размясцілася ў памяшканнях, прызначаных для ксяндза біскупа. Колькасць вучняў складала 14 чалавек.
         Аднак Біскупа не пакідала думка аб узнаўленні дзейнасці вышэйшай семінарыі на тэрыторыі дыяцэзіі. Для гэтага патрэбны былі таксама і прафесарскія кадры. З мэтай іх падрыхтоўкі на вучобу ва універсітэты Польшчы высылаюцца здольныя да навукі святары.
У 1924/25 навучальным годзе ніжэйшая семінарыя ў Навагрудку была ператворана ў вышэйшую. Недахопу ў пакліканнях не было. Гэтаму ў вялікай ступені спрыяла прыцягальнасць і аўтарытэт у вачах моладзі асобы біскупа Зыгмунта Лазінскага, які адзначаўся не толькі святым і пабожным жыццём, але лічыўся нават народным героем, мучанікам за веру (9 месяцаў біскуп сядзеў у Бутырскай турме ў Маскве), прыкладам пастыра, які трывае да канца. На пасаду рэктара прызначылі кс. Вітольда Івіцкага.
У Навагрудку Вышэйшая Духоўная Семінарыя праіснавала прыкладна год і з 12 верасня 1925 г. пачала сваё існаванне ў Пінску. Калі была ўтворана Пінская дыяцэзія, семінарыя афіцыйна стала называцца Вышэйшай Семінарыяй Пінскай дыяцэзіі імя св. Тамаша Аквінскага. Яна размясцілася ў будынку былога францішканскага кляштара, пабудаванага пры катэдры ў ХVIII стагоддзі. З 1928/29 навучальнага года клерыкі вучыліся ўжо на ўсіх шасці курсах.
         З апублікаваных успамінаў выхаванца семінарыі кс. Станіслава Рыжкі можна даведацца аб тым, як там працякала жыццё. Раніцай пасля пад’ёму клерыкі мелі паўгадзіны на мыццё і апрананне. Пасля ўсе ішлі да капліцы, дзе чыталі ранішнія малітвы і мелі разважанне, тэмы для якіх прапанаваў духоўны айцец. У нядзелю спявалі Гадзінкі аб Беззаганным зачацці Найсвяцейшай Панны Марыі, а на св. Імшу і на нешпары ішлі ў катэдру. У чацверг і нядзелю быў выхад у горад. Кожны чацверг у семінарыйнай капліцы адбывалася Літургія ўсходняга абраду, якую цэлебраваў кс. Зянон Калянюк3.
         Заняткі пачыналіся а 8 гадзіне раніцыі, працягваліся па 50 хвілін з перапынкамі ў 10 хвілін да 12.50. Раскрыццю талентаў клерыкаў, развіццю іх духоўнасці і ўдасканаленню фармацыі служылі розныя гурткі і суполкі. У семінарыі было 7 арганізацый: “Братняя дапамога”, “Місійнае кола”, “Унійнае кола”, “Straż Honorowa” (Ганаровая Варта), “Апостальства малітвы”, “Ружанцовае кола” і “Кола алюмнаў-харцэраў”. Духоўны Айцец Казімір Дамброўскі SJ ўвёў звычай штомесячнага дня духоўных разважанняў, названага “днём адновы”.
Душой семінарыі ў Пінску быў слуга Божы біскуп Зыгмунт Лазінскі. Ва ўсіх успамінах як выхаваўцаў, так і клерыкаў, падкрэсліваецца яго вялікі ўплыў на атмасферу навучальнай установы, на фарміраванне ў душах яе выхаванцаў ідэалу святарства. Ксёндз біскуп выкладаў у семінарыі Святое Пісанне. Кожную лекцыю ён старанна рыхтаваў, чытаў з запалам, цікава і нават часамі з гумарам. Вельмі сур’ёзна падыходзіў да якасці працэсу навучання, ставіў тут высокія патрабаванні. Для забяспечанасці семінарыйнай бібліятэкі літаратурай ксёндз біскуп не толькі сам перадаў у яе фонды свой кнігазбор, але і пастанавіў, каб пасля смерці святароў іх прыватныя бібліятэкі перадаваліся ў семінарыю4. У 1930 г. бібліятэка налічвала 10500 тамоў, а ў 1935 г. больш за 22500 тамоў і 76 назваў часопісаў.
         Біскуп Зыгмунт Лазінскі ясна ўсведамляў веліч дару ўдзелу ў Хрыстовым Святарстве праз біскупскую кансэкрацыю, але разам з тым адчуваў уласную слабасць і недасканаласць. Ён умеў бясконца давяраць Божаму Провіду і адначасова рэалістычна глядзець на матэрыяльныя патрэбы семінарыі і паасобных клерыкаў, умеў знайсці час для кожнага з іх, заўсёды адведваў хворых семінарыстаў.
Зыгмунт Лазінскі лічыў любоў да бліжніх, жывую веру, любоў да Бога і Касцёла, паслухмянасць біскупу, разважлівасць і апостальскую адвагу найважнейшымі цнотамі, якімі павінен адзначацца святар. Сам біскуп не толькі вызнаваў гэтыя ідэалы, але і рэалізаваў іх у сваім жыцці.

Выхавацелі, выкладчыкі і выпускнікі семінарыі

         На працягу 1925 – 1939 гг. існавання  семінарыі ў Пінску шмат святароў выконвалі ў ёй адміністрацыйныя, фармацыйныя, дыдактычныя і педагагічныя функцыі. Пад кіраўніцтвам біскупаў яны разам будавалі і ўмацоўвалі семінарыйную супольнасць, пераказваючы веды, навучаючы клерыкаў культуры жыцця, фарміруючы сумленне сваіх выхаванцаў. Шмат з гэтых святароў далі потым сведчанне веры, праліўшы мучаніцкую кроў ці нацярпеўшыся здзекаў у часы нямецкай акупацыі і савецкай улады.
         Распачнем са звестак аб некаторых рэктарах семінарыі. Слуга Божы біскуп Зыгмунт Лазінскі клаў націск на тое, каб рэктар не толькі раздаваў наказы выхаваўцам і выкладчыкам, але клапаціўся пра каардынацыю іх супольнай працы. Статут семінарыі, зацверджаны ў 1935 г., падкрэсліваў, што рэктар акрамя адміністрацыйных клопатаў павінен таксама з вялікай ўвагай падыходзіць да выхавання моладзі, праводзіць сустрэчы і размовы з клерыкамі.
         У гэты перыяд вышэй узгаданыя задачы імкнуліся рэалізоўваць наступныя рэктары:

• кс. Вітольд Івіцкі ў 1925/26 акадэмічным годзе;
• кс. Ян Васілеўскі ў 1926/27 – 1932/33 гг;
• кс. дапаможны біскуп Караль Няміра ў 1933/34 – 1934/35 гг;
• кс. Аляксей Петрані ў 1935/36 – 1938/39 гг.

         Першы рэктар ВДС у Пінску кс. Вітольд Івіцкі нарадзіўся 10 мая 1884 г. у Вільні. Яго бацька Браніслаў прымаў удзел у паўстанні 1863 г. Да святарства Вітольд рыхтаваўся ў семінарыі ў Пецярбургу. Сакрамэнт святарства атрымаў у 1907 г. Сваю душпастырскую працу кс. Вітольд Івіцкі праводзіў у Мазыры. Там ён разгарнуў шырокую асветніцка-рэлігійную, грамадскую і харытатыўную дзейнасць, за што трапіў у няміласць да ўлады. Сам Пётр Сталыпін намагаўся, каб перавесці ксяндза Івіцкага з парафіі ў Мазыры ў іншае месца. У выніку дзяржаўныя ўлады забаранілі ксяндзу выконваць святарскія абавязкі на тэрыторыі дыяцэзіі на працягу трох гадоў. Гэты час кс. Вітольд Івіцкі выкарыстаў для вучобы ў Рыме ва універсітэце “Грэгарыянум”, якую ўвянчаў дактаратам па кананічным праве.
         Пасля вяртання з вучобы ксёндз Івіцкі працаваў пробашчам у касцёле св. Станіслава ў Пецярбургу, дзе сустрэў Кастрычніцкую рэвалюцыю. У 1919 г. яго арыштавалі бальшавікі, а выпусцілі на волю толькі ў 1921 г., пасля чаго ксёндз выехаў у Польшчу.
У тагачаснай Польшчы (на тэрыторыі Заходняй Беларусі) кс. Вітольд Івіцкі стаў блізкім супрацоўнікам біскупа Зыгмунта Лазінскага, атрымаўшы шырокі спектр функцый у Мінскай Дыяцэзіяльнай Курыі ў Навагрудку. У 1924 г. быў менаваны рэктарам Вышэйшай Духоўнай Семінарыі ў Навагрудку, а з 1925 г. рэктарам той самай семінарыі ў Пінску. Ад 1933 г. служыў пробашчам ў касцёле Узвышэння Святога Крыжа ў Брэсце. З 1941 г. кс. Вітольд Івіцкі выконваў функцыю генеральнага вікарыя Пінскай дыяцэзіі. На гэтай пасадзе ён знаходзіўся да самай сваёй мучаніцкай смерці, якую прыняў з рук фашыстаў 22 студзеня 1943 г. у Янаве Палескім.
         Другой важнай асобай, постаць якога нельга абмінуць з’яўляецца кс. Ян Васілеўскі. Ён нарадзіўся ў 1885 г. у Латвіі, вучыўся ў гімназіі ў Вільні, скончыў Пецярбургскую семінарыю і  Тэалагічную Акадэмію. Святарскае пасвячэнне прыняў 25 сакавіка 1909 г. З 1910 па 1918 гг. быў прэфектам мужчынскай гімназіі св. Кацярыны ў Пецярбургу. Пасля прыходу да ўлады бальшавікоў ксёндз Васілеўскі быў арыштаваны і прыгавораны да расстрэлу. Жывым ён застаўся толькі дзякуючы Божаму Провіду. Да смерці прыгаварылі яшчэ аднаго чалавека з прозвішчам Васілеўскі. Пасля экзекуцыі таго Васілеўскага памылкова пазначылі ў спісе, што расстралялі кс. Яна Васілеўскага. Вызваленне з турмы адбылося ў выніку дыпламатычных захадаў ураду Латвіі і абмену вязьнямі.
Некаторы час пасля свайго вызвалення кс. Ян Васілеўскі працаваў вікарыем у Аглоне, а пасля ў Рызе. У 1926 г. біскуп Зыгмунт Лазінскі запрасіў яго на працу ў Пінскую дыяцэзію, давяраючы яму абавязкі рэктара семінарыі. У 1928 г. кс. Ян Васілеўскі быў адзначаны годнасцю каноніка катэдральнай капітулы. З 1933 па 1937 гг. з’яўляўся рэктарам Ніжэйшай Духоўнай Семінарыі ў Драгічыне над Бугам. З 1937 г. зноў вярнуўся ў семінарыю ў Пінск, дзе выкладаў філасофію і маральную тэалогію. У гэтым жа часе ён напісаў шэраг прац, а між іншым: манаграфію аб Магілёўскіх Арцыбіскупах, кнігу “У кіпцюрах Антыхрыста”, у якой раскрыў бязбожную сутнасць савецкай сістэмы, машынапісны варыянт біяграфіі біскупа Зыгмунта Лазінскага.
З 1939 г. для кс. Васілеўскага пачаўся час цярпенняў і пакутаў, якія ён зносіў спачатку ад савецкай улады, а потым ад нямецкіх акупантаў. Падчас вайны ксяндзу Васілеўскаму давялося жыць у незвычайна цяжкіх умовах – практычна не было чаго есці, былі праблемы з дахам над галавой. Аднак нават у такіх абставінах ксёндз прадпрымаў рызыкоўныя акцыі дапамогі мясцовым яўрэям і бяздомным.
         Пасля вайны, калі ўзнікла магчымасць дзякуючы перасяленчай акцыі выехаць назаўсёды ў Польшчу, кс. Ян Васілеўскі цвёрда пастанавіў застацца ў Беларусі разам са сваімі вернікамі. У выніку – арышт. У маі 1947 г. яго асудзілі на 10 гадоў лагеру і вывезлі ў Казачынск (Краснаярскі край). Там ва ўмовах страшэннага холаду, голаду і поўнай матэрыяльнай нястачы ксёндз пражыў менш аднаго года. Памёр ноччу з 9 на 10 сакавіка 1948 г.
Наступныя два рэктары таксама старанна працавалі на Божую хвалу, выхоўваючы маладых святароў. Біскуп Караль Няміра выкладаў у семінарыі пастаральную тэалогію і сацыялогію. У 1941 г. ён пакінуў Заходнюю Беларусь, якая была далучана да БССР, і пераехаў у Польшчу. У часы ПНР ён адважна абараняў жаўнераў Арміі Краёвай, пераследваўся польскімі камуністамі. Памёр 8 ліпеня 1965 г.
         Апошні з міжваеннага перыяду рэктар кс. Аляксей Петрані быў вядомы як выдатны навуковец. Пасля вайны ён працаваў у Люблінскім Каталіцкім Універсітэце, напісаў каля 150 навуковых прац. Пад яго кіраўніцтвам было абаронена 45 дактаратаў па кананічным праве.
Духоўныя айцы таксама намагаліся рэалізаваць наказы Слугі Божага Біскупа Зыгмунта Лазінскага, які казаў: “Дзень семінарыста падзелены паміж духоўнымі практыкаваннямі, навукай, фізічнай працай і адпачынкам. Пад духоўнымі практыкаваннямі маюцца на ўвазе розныя спосабы малітвы. Малітва з’яўляецца зместам жыцця ў небе; сярод усіх нашых спраў на зямлі яна найсвяцейшая і найважнейшая (...). Мы павінны цаніць тыя хвіліны, якія можам прысвяціць малітве. Духоўныя практыкаванні маюць мэтай навучыць нас, як з усіх жыццёвых спраў зрабіць малітву. Алюмн, які прагне быць святаром, чалавекам малітвы, не можа недаацэньваць гэтых практыкаванняў і ўспрымаць іх як цяжар, а павінен зразумець іх асаблівае значэнне і навучыцца праводзіць іх як належыць”. 
         З 1925 па 1939 гг. функцыю духоўнага айца выконвалі наступныя святары:

• кс. Фабіян Абрантовіч у 1925/26 гг;
• кс. Міхал Крывіцкі ў 1926/27 гг;
• кс. Эдвард Юневіч у 1927/28 і 1930/31 – 1934/35 гг;
• кс. Казімір Кулак у 1928/29 – 1929/30 гг;
• кс. Казімір Дамброўскі  SJ у 1935/36 – 1938/39.

         Як і ў кожнай духоўнай семінарыі былі ў Пінску прэфекты. Заданнем ксяндза на гэтай пасадзе з’яўляецца дапамога рэктару ў выхаванні клерыкаў, падтрыманне ў іх асяроддзі належнай дысцыпліны. Гэтую функцыю выконвалі:

• кс. Казімір Ламацкі ў 1925/26 гг;
• кс. Юзаф Казлоўскі ў 1926/27 – 1928/29 гг;
• у 1929/30 гг. прэфект адсутнічаў;
• кс. Казімір Кулак у 1930/31 – 1931/32 гг;
• кс. Вацлаў Пянткоўскі ў 1932/33 гг;
• кс. Аляксей Петрані (віцэ-рэктар) ў 1932/33 – 1934/35 гг;
• кс. Эміль Вэбер у 1935/36 – 1938/39 гг.

         За інтэлектуальную фармацыю будучых святароў адказвалі выкладчыкі, многія з якіх мелі высокія навуковыя ступені. Быў нават адзін доктар хабілітаваны – ксёндз Каміль Кантак. Ён выкладаў гісторыю касцёла і патралогію. Акрамя гэтага быў дырэктарам семінарыйнай бібліятэкі. Ксёндз Кантак быў сябрам многіх навуковых арганізацый у Польшчы, супрацоўнічаў у якасці публіцыста са многімі польскімі грамадска-палітычнымі часопісамі, выдаваў свае працы на французкай, нямецкай, англійскай мовах. У 1939 г. ксёндз прафесар быў арыштаваны савецкай уладай і да 1941 г. сядзеў у турме ў Маскве, а потым адправіўся ў ссылку ў Сібір. Пакінуць СССР яму ўдалося дзякуючы дабравольнай мабілізацыі ў якасці капелана ў войска генерала Андэрса.
         Духоўная семінарыя ў Пінску да 1939 г. падрыхтавала больш за 90 святароў5, сярод якіх ёсць мноства тых, якія дасягнулі высокіх пасадаў у касцёльнай іерархіі, адзначыліся здабыццём навуковых ступеняў, сталі мучанікамі за веру, адданымі і самаахвярнымі душпастырамі, аб якіх з глыбокай пашанай успамінаюць усе, хто хоць раз з імі сустракаўся. Сярод выпускнікоў семінарыі можна ўзгадаць такіх вядомых асоб, як кардынал Казімір Свёнтак, біскуп Драгічынскі Уладзіслаў Ендрушук, прафесар Акадэміі Каталіцкай Тэалогіі ў Варшаве ксёндз пралат доктар хабілітаваны Уладзіслаў Гладоўскі, мучанік Другой Сусветнай вайны благаславёны ксёндз Мечыслаў Багаткевіч, ксяндзы Гжэгаж Каласоўскі, Станіслаў Лазар, Ежы Росяк, Станіслаў Рыжка і інш.
         У верасні 1939 г. дзейнасць Вышэйшай Духоўнай Семінарыі ў Пінску брутальна перарвалася ўваходам у Заходнюю Беларусь савецкіх войск. Былі часткова знішчаны, а часткова вывезены ў глыб Расіі бібліятэка і дыяцэзіяльны архіў. Толькі з 1951 па 1956 гг. была спроба аднаўлення дзейнасці Alma mater у Драгічыне над Бугам у Польшчы.
         І тут немагчыма не ўзгадаць асобу кс. Вацлава Пянткоўскага, выпускніка і пазнейшага прэфекта Пінскай семінарыі, які ў эпоху ваюючага атэізму не пагадзіўся з адсутнасцю маладых святароў, недохоп якіх усё больш адчуваўся. Сярэдні ўзрост ксяндза складаў тады прыкладна 63 гады. Тэрмінова патрэбны былі новыя кадры. За рашэнне гэтай цяжкай задачы і ўзяўся ксёндз Вацлаў Пянткоўскі.
         Ва ўсім СССР было толькі дзве духоўныя семінарыі – у Рызе і ў Каўнасе. Каб паступіць туды, патрэбен быў дазвол кіраўніка па справах рэлігіі аблвыканкаму, атрымаць які было вельмі складана. У 70-я гг. ў сваім доме ў Мядзведзічах ксёндз Вацлаў Пянткоўскі адкрыў падпольную семінарыю. Маладыя людзі, якія дзесьці вучыліся ці працавалі, але жадалі стаць святарамі, у вольны час прыязджалі туды, слухалі лекцыі Пянткоўскага, прымалі ўдзел у св. Імшы. У такой імправізаванай семінарыі выкладаліся кананічнае права, гісторыя касцёла, філасофія, этыка, замежныя мовы і ігра на фісгармоніі. Дзейнасць семінарыі была добра заканспіраваная. Яе слухачы ўладкоўваліся на працу, таму савецкім партыйным органам было цяжка прыцягнуць маладых людзей да крымінальнай адказнасці за ўхіленне ад працы. Праз пэўны час ў Мядзведзічы прыязджалі святары і экзаменавалі слухачоў. Выпускнікі нават праходзілі “практыку” ў парафіях. Потым яны давучваліся ў Рызе і Каўнасе, або патаемна пасвячаліся ў святарства. Папа Рымскі Ян Павел ІІ назваў аднойчы ксяндза Вацлава “выхавацелям шматлікіх святароў”, што цалкам справядліва: за пяць гадоў ім было падрыхтавана дзесяць чалавек. Сярод выхаванцаў семінарыі ёсць сучасныя беларускія біскупы – Казімір Велікаселец і Антоній Дзям’янка.
         Ксёндз Вацлаў Пянткоўскі памёр 30 лістапада 1991 г. На пахаванні труну з целам святара неслі яго выхаванцы, прысутнічалі 2 біскупы, каля 30 святароў і вялікая колькасць вернікаў. Уся дарога, па якой рухалася пахавальная працэсія, была ўсцелена кветкамі. У жалобнай гаміліі, якую прамовіў драгічынскі біскуп Уладзіслаў Ендрушук, ён адзначыў, што ксёндз Пянткоўскі быў сведкам Хрыста ва ўсім сваім жыцці і ў смерці, быў добры для людзей як хлеб і мужны ў цярпенні.
         Як бачна, духоўная семінарыя ў Пінску мае слаўнае мінулае. Яе развіццё было звязана з дзейнасцю людзей, якія пакінулі значны след у гісторыі Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, засведчылі вернасць Богу, Касцёлу і свайму пакліканню.
         Адраджэнне і новае адкрыццё семінарыі адбылося 12 верасня 2001 г. У гэтым вялікая заслуга ксяндза кардынала Казіміра Свёнтка, які перад гэтым вёў складаныя перамовы з беларускімі ўладамі адносна адкрыцця семінарыі. Кардынал Свёнтэк паклапаціўся аб капітальным рамонце будынку былога францішканскага кляштара. Дэкрэт Апостальскай сталіцы аб адкрыцці семінарыі падпісаў 31 мая 2001 г. Папа Ян Павел ІІ.

 --------------------------------------------------------------------------------

[1] Першапачаткова ў семінарыі навучалася 22 клерыкі, з якіх 17 чалавек папярэдне вучыліся ў семінарыі ў Пецярбургу і паходзілі з Мінскай дыяцэзіі.

[2] Рыжская мірная дамова – пагадненне, заключанае 3 сакавіка 1921 г. у Рызе паміж РСФСР і УССР з аднаго боку і Польшчай з другога аб спыненні савецка-польскай вайны 1920 г. У выніку гэтай дамовы ў Польшчу змаглі выехаць некаторыя каталіцкія святары і свецкія асобы польскай нацыянальнасці, якія да таго часу знаходзіліся ў савецкіх турмах. Паводле гэтай жа дамовы Беларусь да 1939 г. была падзелена на Заходнюю і Усходнюю. Заходнія землі Беларусі ўвайшлі ў склад ІІ Рэчы Паспалітай.

[3] ks. Ryżko, S. „Trzeba zostać”. – Lublin: Norbertinum, 1999. S. 26, 30 – 31, 45 – 46.

[4] ks. Janus, J. Wielki pasterz. Na wschodnich rubieżach. – Melbourne, 1956. S. 37.

[5] Кулагін А.М. Каталіцкія храмы Беларусі. – Мінск, 2008. С. 294.

Кантакты

Леніна 16, 
225710, г. Пінск, Брэсцкая вобл.

Тэл. для даведак: (0165)65 41 45;      +375 256 044 186
Для лістоў:  Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.

Супольнасць ў сацыяльных сетках: