Юбілейныя ўрачыстасці адбыліся ў Лагішыне.

     У дзень 9-ага мая цудоўная нагода сабрала шматлікіх вернікаў у санктуарыі Найсвяцейшай Панны Марыі Каралевы Палесся ў Лагішыне. Так здарылася, што супалі некалькі падзеяў, кожная з якіх заслугоўвае асобнай увагі.
     У гэты дзень да Лагішына вырушыла традыцыйная пілігрымка з Пінска. Вернікі з розных куткоў Пінскай дыяцэзіі, пераважна моладзь, прыбылі ў Пінск, каб разам з мясцовымі католікамі распачаць гэты шлях да Каралевы Палесся. Былі тут прадстаўнікі таксама іншых дыяцэзій. Нягледзячы на прахладнае надвор’е быў адкрыты чарговы сезон пешых пілігрымак да санктуарыяў Маці Божай на Беларусі. Знакава таксама, што сёлетняя пілігрымка стала юбілейнай. 25 гадоў таму была адноўлена пешая пілігрымка з Пінска ў Лагішын пасля некалькіх дзесяцігоддзяў вымушанага атэізмам перапынку. Узначаліў юбілейнае паломніцтва рэктар духоўнай семінарыі ксёндз Андрэй Рылка. Таксама частку шляху разам з пілігрымамі прайшоў пастыр Пінскай дыяцэзіі, біскуп Антоні Дзям’янка.
     Асаблівасцю сёлетняй пілігрымкі і ўрачыстасцей у Лагішыне стала таксама круглая гадавіна абвяшчэння дыяцэзіяльнага санктуарыя Каралевы Палесся. 20 гадоў назад, 10 мая 1997 года, цудадзейны абраз Маці Божай Лагішынскай быў урачыста каранаваны. Кароны, благаслаўлёныя святым Папам Янам Паўлам II, былі прывезеныя на Беларусь і ўскладзеныя на абраз кардыналам Казімірам Свёнткам, які ў той час кіраваў Пінскай дыяцэзіяй.  20 гадоў таму Маці Божая ў Лагішыне была ўрачыста абвешчана Каралеваю Палесся і Заступніцаю Пінскай дыяцэзіі.
     Сёлетняя майская ўрачыстасць у Лагішыне сабрала вакол алтара, пры цудадзейным абразе Панны Марыі, разам з біскупам Пінскім, святароў, дыяканаў, клерыкаў, шматлікіх вернікаў – мясцовых парафіянаў і пілігрымаў. Біскуп Антоні у гаміліі адзначыў важнасць такога сведчання і праяўлення пашаны да Маці Божай, якім з’яўляецца пілігрымка. Таксама ўзгадаў ён небяспекі для веры, Касцёла і сям’і ў сучасным свеце і паказаў Найсвяцейшую Панну як тую, якая ёсць прыкладам і дапамогаю, якая ўзносіць да Езуса Хрыста нашы просьбы і малітвы, але таксама і наш боль, смутак, цярпенне. Яна тая, якая выпрошвае для нас палёгку і суцяшэнне, паказвае верны шлях да Бога.
     Напрыканцы Святой Імшы адбылося аднаўленне абяцанняў, складзеных 20 гадоў таму перад абразом Маці Божай тагачасным кусташам санктуарыя ксяндзом Міраславам Жлабінскім FDP. Цяперашні ахоўнік санктуарыя, ксёндз Тадэвуш Шэшка FDP, урачыста абяцаў берагчы святыню Каралевы Палесся, клапаціцца пра цудадзейны абраз, атачаць пашанаю Найсвяцейшую Панну Марыю і нястомна пашыраць яе культ, сведчачы аб цудах і навяртаннях, якія адбываюцца праз заступнітцва Багародзіцы. Пасля аднаўленняў шлюбаў кусташа ўсе прысутныя ў малітве даверылі сябе апецы Маці Божай, абяцаючы кіравацца яе прыкладам і з яе дапамогай нястомна ісці слядамі нашага Збаўцы Езуса Хрыста.


Дк. Андрэй Багдановіч
Фота: Андрэй Бурак

Кантакты

Леніна 16, 
225710, г. Пінск, Брэсцкая вобл.

Тэл. для даведак: (0165)65 41 45;      +375 256 044 186
Для лістоў:  Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.

Супольнасць ў сацыяльных сетках: