Апостальскі Нунцый Габар Пінтэр наведаў Пінскую дыяцэзію.

      9 – 10 чэрвеня адбыўся першы візіт Апостальскага Нунцыя арцыбіскупа Габара Пінтэра ў Пінскую дыяцэзію. Распачалася візітацыя з наведвання Міждыяцэзіяльнай духоўнай семінарыі імя Тамаша Аквінскага ў Пінску, дзе іерарх сустрэўся з семінарыстамі і іх выкладчыкамі.

     «Малітва, навука, братэрства, а таксама апостальскае жыццё — вось тыя чатыры калоны, на якіх павінна будавацца фармацыя ў кожнай семінарыі, — зазначыў арцыбіскуп. — Гэтыя чатыры калоны — чатыры вымярэнні — ўзаемадзейнічаюць паміж сабой і па іх павінна жыць кожная семінарыя», — дадаў Апостальскі Нунцый.

     10 чэрвеня іерарх сустрэўся з духавенствам і кансэкраванымі асобамі Пінскай дыяцэзіі. Падчас сустрэчы святары і прадстаўнікі манаскіх супольнасцей распавялі пра сваё жыццё і служэнне.
     «Я прыехаў, каб бліжэй з вамі пазнаёміцца, каб мець магчымасць раздзяліць вашы радасці і клопаты, каб проста пабыць сярод вас», — адзначыў нунцый.
     Апостальскі Нунцый выразіў глыбокае прызнанне і захапленне руплівасцю і ахвярнасцю душпастыраў, якія ў няпростых умовах адраджэння веры пасля часоў атэізму служаць адначасова ў некалькіх парафіях, бо ўсцяж не хапае святароў.

     Іерарх звярнуў увагу на місійнасці служэння духоўных асобаў: «Большасць з вас спаўняе сваё служэнне ва ўмовах сапраўднай місіі. Для нас, духоўных асобаў, існуе вялікая рызыка засяродзіцца на нашым пастырскім служэнні, забываючы аб тым, што мы — місіянеры Хрыста, і ў першую чаргу кожны з нас пакліканы быць Яго вучнем».

     У той жа дзень нунцый удзяліў прэзбітэрскае пасвячэнне дыякану Антону Анціпенку, а таксама наведаў парафію Св. Бэнэдыкта ў Пінску, а таксама Лагішынскі Дом Міласэрнасці для пажылых і адзінокіх асобаў.
На завяршэнне візіту нунцый узнёс да Бога малітву падзякі і праслаўлення перад абразом Маці Божай Лагішынскай, Каралевы Палесся, Апякункі Пінскай дыяцэзіі.

Паводле Catholic.by

Кантакты

Леніна 16, 
225710, г. Пінск, Брэсцкая вобл.

Тэл. для даведак: (0165)65 41 45;      +375 256 044 186
Для лістоў:  Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.

Супольнасць ў сацыяльных сетках: