Новы святар у Пінскай дыяцэзі: дыякан Антон Анціпенка прыняў прэзбітэрскае пасвячэнне.

     10 чэрвеня ў пінскай катэдры дыякан Антон Анціпенка атрымаў прэзбітэрскае пасвячэнне з рук Апостальскага Нунцыя ў Беларусі арцыбіскупа Габара Пінтэра.

      Гэта быў першы сакрамэнт святарства, які іерарх удзяліў як Апостальскі Нунцый. Ва ўрачыстай св. Імшы прымалі ўдзел біскупы Пінскай дыяцэзіі, духавенства, кансэкраваныя асобы і шматлікія вернікі з розных парафій, а таксама прадстаўнікі мясцовай улады.

     «Памятай, што ты атрымаў бязмежны дар...»

     «Дарагі Антоній, сёння праз ускладанне рук і малітву ты атрымаў ад Бога бязмежны дар — дар святарства, праз які станеш спадкаемцам апостальскага служэння», — звярнуўся Апостальскі Нунцый да новапрэзбітэра.

     «Памятай, што тваё святарскае служэнне з’яўляецца працягам багатай традыцыі Пінскай дыяцэзіі, калі мы адзначаем сотую гадавіну біскупскай намінацыі слугі Божага Зыгмунда Лазінскага. Няхай прыклад яго адданага служэння будзе для цябе натхненнем», — заклікаў арцыбіскуп Габар Пінтэр.

     «Кожнае прэзбітэрскае пасвячэнне — радасць для Касцёла ад таго, што новыя пакліканыя Богам працаўнікі выходзяць на ніву Пана», — адзначыў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка.

     «Наша дыяцэзія вельмі працяглая, ахоплівае дзве вобласці і мае больш за тры з паловай мільёны жыхароў. Можа здавацца, што адно прэзбітэрскае пасвячэнне — вельмі мала для такіх вялікіх тэрыторый і патрэбаў, — дадаў іерарх. — Але калі ўзгадаем, як у дзень Спаслання Святога Духа Касцёл распачаў сваю місію дзякуючы служэнню толькі 12 апосталаў і іх вучняў, тады зразумеем, што нават невялікая колькасць адданых апосталаў можа прынесці вялікі плён Божы».

     «Няхай чарговае прэзбітэрскае пасвячэнне ў Пінскай дыяцэзіі стане новым зачынам для адкрыцця дару і таямніцы святарства шматлікімі маладымі сэрцамі юнакоў, якія пакінуць свае дамы, заняткі і працу, каб прысвяціць сябе служэнню Богу», — зазначыў біскуп.

     Антон Анціпенка нарадзіўся 6 кастрычніка 1984 г. у Краснаполлі на Магілёўшчыне. Вырас у Новай Мышы (Баранавіцкі раён), дзе скончыў сярэднюю школу. Вышэйшую адукацыю атрымліваў у Седльцах (Польшча), а пасля ў Мінску. У 2010 г. паступіў у Міждыяцэзіяльную вышэйшую духоўную семінарыю імя св. Тамаша Аквінскага ў Пінску, якую скончыў у 2017 г.

Паводле Catholic.by

Кантакты

Леніна 16, 
225710, г. Пінск, Брэсцкая вобл.

Тэл. для даведак: (0165)65 41 45;      +375 256 044 186
Для лістоў:  Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.

Супольнасць ў сацыяльных сетках: