Пінская семінарыя правяла дабрачынны канцэрт у лагішынскім Доме міласэрнасці.

    4 лютага навучэнцы і фарматары Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Пінску правялі духоўна-музычнае мерапрыемства ў лагішынскім Доме міласэрнасці з нагоды Суветнага дня хворых, які традыцыйна адзначаецца на пачатку лютага.

    У сустрэчы прынялі ўдзел пастаяльцы і працаўнікі Дома міласэрнасці, старэйшыя і нямоглыя асобы, а таксама вернікі мясцовай парафіі.

    Цэнтральным момантам падрыхтаванай праграмы была супольная малітва за хворых і выступленне семінарыйнага музычнага гурта «Подых Духа», які ўжо стаў для многіх візітнай карткай пінскай духоўнай установы. З вялікім захапленнем і слязьмі на вачах пастаяльцы Дома міласэрнасці і лагішынскія вернікі слухалі шчырыя словы падтрымкі, суцяшэння, малітвы і спеваў, якія гучалі з вуснаў будучых святароў. У межах інтэрактыўнай праграмы, падрыхтаванай семінарыстамі, сабраныя вернікі і госці мерапрыемства мелі магчымасць разам з гуртом «Подых Духа» заспяваць вядомыя рэлігійныя і народныя песні.

    На заканчэнне сустрэчы рэктар семінарыі ў Пінску кс. Андрэй Рылка падзякаваў вернікам лагішынскай парафіі на чале з яе пробашчам ксяндзом Тадэвушам Шэшкам, а таксама ўсім супрацоўнікам мясцовай дабрачыннай установы за вялікую справу дапамогі пакінутым, састарэлым і патрабуючым, якую яны сведчаць у Доме міласэрнасці. Ад імя навучэнцаў і фарматараў рэктар падзякаваў дырэкцыі Дома міласэрнасці за магчымасць, дадзеную супольнасці семінарыі ў Пінску, каб далучыцца да той вялікай справы міласэрнасці, якая рупліва здзяйсняецца ў гэтым незвычайным доме ў Лагішыне.

Матэрыял паводле Catholic.by

Кантакты

Леніна 16, 
225710, г. Пінск, Брэсцкая вобл.

Тэл. для даведак: (0165)65 41 45;      +375 256 044 186
Для лістоў:  Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.

Супольнасць ў сацыяльных сетках: