Што азначае пакліканне да святарства

Што азначае пакліканне да святарства / манаства? Адкуль яно бярэцца ў чалавека і як яго распазнаць?
Адказвае Ян Палыга SAC:


Пакліканне – найвялікшая таямніца душы. Дзіўныя і часам неспасцігальныя шляхі, якімі Божая ласка прыходзіць ў сэрца чалавека.
Шмат было рыбакоў на Тыберыядскім возеры, але нікому не сказаў Хрыстос: “Ідзі за Мною” – толькі сынам Зэбэдэя. І яны, пакінуўшы свае сеткі, пайшлі за Ім.
І на вялікім караванным шляху з Егіпта на Блізкі Усход, які праходзіць праз Кафарнаум, быў не адзін мытнік, але толькі да Мацвея звярнуўся Пан: “Ідзі за Мною”. Мытнік кінуў сваю справу і прыбытак ад яе і пайшоў за Хрыстом.
Пакліканне – дзіўная рэч. Ніхто не напіша анталогіі пакліканняў, ніхто не нанясе на “карту пакліканняў” спосабаў, якімі Бог кліча чалавека. Ніхто не пакажа дарог, сцежак, абставінаў, з дапамогай якіх ласка паклікання знаходзіць чалавека. Не пабудуеш і графіка пакліканняў. Кожнае пакліканне вельмі асабістае, індывідуальне і заўсёды непаўторнае. Бог не паўтараецца. У кожным выпадку Ён стварае новую мадэль і новую сітуацыю.
Часам пакліканне прыходзіць раптоўна, нібы ўдар маланкі, як здарылася са св. Паўлам на дарозе ў Дамаск. Часам яно прыходзіць праз іншага чалавека. Напрыклад, Андрэй прыводзіць да Пана свайго брата Сымона. Бывае так, што да паклікання прыслухоўваюцца ў пранізлівай цішыні – у такой пакутлівай цішыні, калі раптам чалавек чуе голас: “Ідзі за Мною”. Іншы раз пакліканне гучыць як дысананс у цудоўнай і гарманічнай мелодыі свету – і ў гэтым скрыгаце чалавек чуе голас паклікання. Бывае і так, што пакліканне становіцца вынікам ўсебаковага аналізу, ўзважвання ўсіх “за” і “супраць”, і канчатковы выбар ёсць нішто іншае, як голас паклікання. Нярэдка чалавек глыбока перажывае, што ўсе дарогі ў жыцці для яго зачыненыя. Куды б ён ні пайшоў, куды б ні накіраваўся – усюды тупік. Дзякуючы Божаму Провіду перакрытыя ўсе шляхі, усе магчымасці. Застаецца толькі адзін шлях – менавіта шлях паклікання. Хто ў стане палічыць гэтыя шляхі і спосабы, якімі заклікае Пан? Кожнае здзяйсняецца вельмі індывідуальна, непаўторна.
У Бога няма ніякіх шаблонаў, Ён – заўсёды творыць, Ён заўсёды непаўторны.
Ці пакліканне атрымліваюць толькі лепшыя? Не! Бог выбірае каго хоча і калі хоча. І, насуперак меркаванням людзей, выбірае не самых лепшых, а таго, хто Яму патрэбны. Кожны разважлівы чалавек, якога заклікае Пан, ведае, што ў свеце ёсць тысячы цудоўных, выдатных душ, якія больш дастойна прынялі б гэты дар, але не іх паклікаў Пан. Такая таямніца волі Божай. Чалавек часам здзіўляецца, што Бог кліча менавіта яго – такое “нішто”, пустое месца, такую тонкую трысцінку – на ролю калоны, якая служыць апорай справам Божым. Усё гэта наводзіць на разважанні: чаму Бог не абраў некага больш моцнага, разумнага, кагосьці больш святога для рэалізацыі сваіх планаў? Цяжка зразумець – чаму ... Бог кліча чалавека, але не тлумачыць, чаму Ён гэта робіць. Яго слова можна прыняць або не прыняць, а задаваць нейкія пытанні папросту бессэнсоўна.
Такім чынам, што ж такое пакліканне да духоўнага стану? Гэта заклік і прызначэнне для выканання спраў Божых ў якасці святара, манаха ці законнай сястры. Ці адрозніваецца яно ад іншых пакліканняў, напрыклад, ад паклікання быць хрысціянінам? Так, адрозніваецца. Гэта пакліканне, якое прадугледжвае выключнасць Бога ў жыцці чалавека. Пакліканы павінен належаць толькі Богу і толькі Яго прадстаўляць. Чалавек можа адхіліць Божы заклік, можа сказаць “не”, бо ён – свабодная істота. Але з той хвіліны, калі чалавек адкажа Богу “так”, ён ужо не належыць сабе. З гэтага часу ён прадстаўляе Касцёл, Хрыста і справы Божыя. Ён ужо не можа быць “нічым”, цяпер ён носіць на сабе пячатку паклікання. Магчыма, менавіта таму жыць паводле паклікання так цяжка, а часам нават і пакутліва, па меншай меры, для некаторых пакліканых.
Як даведацца, ці ёсць у цябе пакліканне? Гэта нялёгка зрабіць і тут лёгка памыліцца. Так, хтосьці можа мець жаданне стаць святаром, манахам або манахіняй. Чалавека можа прывабліваць такое пакліканне, аднак, фактычна ён можа яго і не мець. Часам асяроддзе не столькі падштурхоўвае, колькі заахвочвае да таго, каб той ці іншы чалавек стаў святаром. Часам патрэба ў святарах бывае такой вялікай, што нехта толькі па гэтай прычыне прыймае рашэнне прыняць духоўны сан. На жаль, аднаго такога імкнення недастаткова. У такім выпадку, што ж для гэтага неабходна?
У першую чаргу – глыбокае перакананне, што ў мяне ёсць пакліканне, што Пан кліча мяне да святарства або манаства. Далей, неабходна звярнуць увагу на тое, ці маю я адпаведныя дадзеныя, напрыклад, дастатковыя здольнасці, каб скончыць спачатку сярэднюю школу, затым духоўную семінарыю; ці здавальняючы стан майго здароўя, ці маю я іншыя рысы, неабходныя для рэалізацыі гэтага паклікання. Напрыклад, святаром не можа стаць глухі або сляпы чалавек, а таксама чалавек з моцна знявечаным тварам, якое магло б міжвольна выклікаць агіду. Святаром таксама не можа стаць чалавек, які пакутуе ад алкагольнай альбо наркатычнай залежнасці, а таксама ад іншых недахопаў ўнутранага характару – маральнага. Не можа стаць святаром і той, хто мае вельмі дрэнную рэпутацыю як чалавек і як хрысціянін. Не можа таксама стаць каталіцкім святаром і чалавек жанаты, нават калі вельмі гэтага захоча. Гэта асноўныя прынцыпы, якія дазваляюць вызначыць, ці маюцца ў жаданні прыняць духоўны сан дастатковыя падставы ў індывідуальных дадзеных асобы. Хто прымае рашэнне ў гэтай справе? У знешняй сферы касцёльныя ўлады, узважыўшы ўсе “за” і “супраць”, вырашаюць, прымаць ці не прымаць кандыдата на пасвячэнне ў духоўны стан. Што тычыцца ўнутранай сферы ці маральных якасцяў кандыдата, то іх ацэньвае спавяднік альбо святар, які выконвае функцыі духоўнага кіраўніка.
Ці здараюцца памылкі ў ацэнцы кандыдатаў? Вядома, хаця заўважыць гэта вельмі цяжка. Бывае, што чалавек можа доўгі час выдатна спраўляцца са сваімі абавязкамі, а потым раптам “зламацца”. І тады вельмі цяжка зрабіць заключэнне, з чым гэта звязана: з адсутнасцю паклікання або з памылкамі ў рэалізацыі паклікання.
Важным момантам у пакліканні з’яўляецца таксама жаданне самога пакліканага. Хтосьці можа мець упэўненасць, што Пан яго кліча, можа мець станоўчую характарыстыку ад касцёльных уладаў і спавядніка, але не вырашыць пайсці дарогай паклікання. Гэтая залежнасць Божага закліку ад волі чалавека яшчэ раз даказвае, якой няпростай справай з’яўляецца пакліканне.
Ці з’яўляецца пакліканне да духоўнага стану чымсьці цяжкім? На гэта можна паглядзець па-рознаму. Часам здаецца, што пакліканне бацькоў, якія маюць шмат дзяцей і ў дадатак жывуць у цяжкіх бытавых умовах, з’яўляецца значна больш цяжкім, чым жыццё пакліканага да святарства або манаства.
Пакліканне да святарства з’яўляецца цяжкім таму, што святар, сястра законная або манах – гэта свайго роду афіцыйныя прадстаўнікі Божых спраў. З гэтага пункту гледжання пакліканне з’яўляецца чымсьці, што палохае. Бо веліч планаў Божых на фоне ўласнай слабасці выклікае думкі пра тое, што пакліканне – занадта цяжкая ноша. Акрамя таго, пакліканне вельмі цяжка “ў эксплуатацыі”, на справе. Напрыклад, калі чалавек нясе людзям Хрыста, а ім гэта “пакуль яшчэ не патрэбна”. Калі святар прапануе людзям дапамогу шляхам Святых Сакрамэнтаў, а яны паварочваюцца да яго спіной.
Слугі Касцёла даволі часта вымушаныя выслухоўваць абвінавачванні за памылкі, учыненыя іншымі, часам нават шмат стагоддзяў таму назад. Людзі кажуць: “Вы, святары, усе такія”. Часта святары аказваюцца пад пільнай увагай грамадства, якое не даруе ім нават найменшых хібаў. Але гэта ўжо іншае пытанне.
Часам людзі пытаюцца, ці цяжкой ношай з’яўляецца цэлібат. Для некаторых, асабліва для тых, хто раней меў які-небудзь досвед ў гэтай сферы, такая ноша можа быць адчувальнай. Але ў цэлым, гэта не такая ўжо вялікая праблема. Неабходна, аднак, працаваць над сабой, захоўваць ўнутраную дысцыпліну, а таксама весці глыбока рэлігійнае жыццё.
Заўсёды, калі мы гаворым аб пакліканні, трэба памятаць, што гэта велізарная таямніца, спасцігнуць якую чалавеку,нягледзячы на тое, што ён у ёй удзельнічае, немагчыма.


Узята з часопіса “Любите друг друга”.

Кантакты

Леніна 16, 
225710, г. Пінск, Брэсцкая вобл.

Тэл. для даведак: (0165)65 41 45;      +375 256 044 186
Для лістоў:  Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.

Супольнасць ў сацыяльных сетках: