Адказ на пытанне, ці хтосьці пакліканы да святарства, зусім не відавочны. Мы ўсе -- святое і каралеўскае святарства. Гэта значыць, што ўсе ахрышчаныя пакліканы да таго, каб сваё жыццё ўчыніць прыемным Богу. У гэтым сэнсе няма што і гаварыць: ахрышчаны -- значыць пакліканы да святарства. Аднак побач з паўсюдным святарствам Хрыстус устанавіў і такое, пра якое Магістэрыум часта гаворыць як пра "святарства службовае". Такое, члены якога пакліканы да асаблівай і выключнай місіі ў Касцёле.

ГОЛАС СУМЛЕННЯ

Для многіх людзей мець пакліканне значыць пачуць заклік ад Бога. Часта яго называюць голасам сумлення, паколькі Бог размаўляе з намі ўнутры нас менавіта і праз сумленне. Калі пакліканне сапраўды паходзіць ад Бога, яно не можа быць чымсьці надуманым, учыненым самім чалавекам. Як у гэтым пераканацца, калі не праз сумленне?

У параўнанні з астатнімі найважнейшыя ў жыцці рэчы ўхапіць заўсёды трудней. Аднак хрысціянін не павінен адчуваць сябе прыгнечаным гэтым фактам. Узгадаем гісторыю вучняў, што ішлі ў Эмаўс. Найважнейшае ў сустрэчы з Езусам -- распазнанне Змёртвыхпаўсталага -- адбылося дакладна тады, калі Езус перастаў быць для іх аб'ектам выключна інтэлектуальнага пазнання: "Тады адкрыліся ў іх вочы і пазналі Яго, але Ён знік з іх вачэй" (Лк 24, 31). Гэты парадокс -- распазнанне Езуса менавіта тады, калі Ён становіцца адсутным, -- часта можна назіраць як прынцып духоўнага жыцця. Нам сапраўды важна гэта ведаць, бо распазнанне голасу Бога магчыма і тады, калі немагчыма яго "ўхапіць", калі гэты голас адыходзіць, знікае. Іншымі словамі, мы не павінны перажываць прыватных аб'яўленняў (хоць нельга пярэчыць, што пачаткам шмат якіх духоўных шляхоў былі менавіта яны), зоркі ў небе не павінны скласціся ў надпіс "Ідзі да семінарыі", не павінен ударыць у чалавека пярун -- не павінна адбыцца нічога незвычайнага ў жыцці, каб хтосьці мог сказаць пра сябе згодна з праўдай, што ён пакліканы.

Найчасцей голас сумлення вельмі далікатны. Таму, на жаль, ён рэдка прамаўляе поўнымі сказамі. Часцей размова зводзіцца да згрызотаў сумлення, своеасаблівага ўнутранага непакою. Ці наадварот -- супакою ў сэрцы. Сумленне датычыць не толькі канкрэтных паступкаў, але і таго, кім мы з'яўляемся, якімі мы становімся. Сумленне можа і праз крык згрызотаў, і праз супакой сэрца казаць: "Цяпер ты -- гэта не ты. Гэта не твой шлях". Калі сумленне падобным чынам падказвае чалавеку, што яго ідэнтычнасць -- быць святаром, калі думка пра святарства становіцца крыніцай супакою (нягледзячы на ўсведамленне цяжару гэтага паклкіання), а думка пра выбар іншага шляху (калі яна не звязана з чымсьці грэшным) нараджае згрызоты кшталту "я здраджаю сам сабе і ў пэўнай ступені Богу" (толькі ў пэўнай ступені таму, што нават тады, калі мы не адказваем на Божы заклік ці выбіраем іншыя шляхі, Богам не запланаваныя, гэта не канчатковае завяршэнне нашай прыгоды з Панам, Бог заўсёды мае для нас план Б), то сумленне заклікае да святарства.

Гэты адказ наўрад ці вырашыць усе пытанні. Сумленне -- справа складаная, перадусім таму, што праз сумленне можа прамаўляць не толькі Бог. Гэты канал камунікацыі часта забруджваецца іншымі крыніцамі інфармацыі. Такім "агентам уплыву" можа быць бабуля, якая ўрэшце была б шчаслівай і магла ганарыцца ўнучкам, калі ён "пойдзе на ксяндза". Ці ксёндз пробашч, які на пенсіі зможа хваліцца, што меў на два пакліканні больш, чым пробашч суседняй парафіі. Альбо атачэнне, якое любіць "прасаваць" чалавека: "Мы думалі, ты пойдзеш у семінарыю, бо заўсёды круціўся пры касцёле". Менавіта таму голас сумлення, заклікаючы да святарства, не роўны ўпэўненасці, што гэта Бог мяне кліча. Безумоўна, гэта вельмі моцны знак Божага закліку. Але патрэбныя таксама далейшыя крокі на шляху распазнання.

ЛЮБОЎ ДА КАСЦЁЛА

Трэба кахаць дзяўчыну, каб думаць звязаць з ёй усё жыццё ў сужэнстве. Гэтаксама трэба любіць і Касцёл, каб думаць аб прысвячэнні яму ўсяго свайго жыцця. Іншымі словамі, калі хтосьці адчувае раздражненне пры выглядзе сутаны, звычайных вернікаў пагардліва называе "бабкамі", нэрвуюць яго касцёльныя інстытуцыі, а ён усё адно адстойвае сваё "пакліканне", варта насамрэч задумацца пра яго яшчэ раз. Святарства гэта праца ў касцёльных інстытуцыях з іншымі святарамі і для вернікаў -- такіх, якія яны ёсць, а не такіх, якімі іх хтосьці хацеў бы бачыць. Хтосьці, хто думае пра сябе як пра антыклерыкала, хутка стоміцца ад святарства.

Але гэта праблема не толькі стомленасці ці добрага самапачуцця. Не імі правяраецца аўтэнтычнасць паклікання. Гэта пытанне сутыкнення голасу сумлення з рэальнасцю, канкрэтнасці паклікання. Пан Бог, калі кліча чалавека, заўсёды выражаецца вельмі канкрэтна. Вядома, аб чым гаворка: "Ідзіце і навучыце ўсе народы, удзяляючы ім хрост у імя Айца, і Сына, і Духа Святога" (Мц 28, 19). Недагаворак тут няма.

З іншага боку, калі мы гаворым пра пакліканне да святарства, то заўсёды знаходзімся ў прасторы больш абстрактнай, паколькі святарства як такое -- з'ява даволі агульная. Калі ж чалавека прываблівае постаць канкрэтнага святара, тады ён выходзіць са сферы абстрактнага. Гэта можа быць святар -- святы з мінулага, але можа і лепш, калі гэта асабіста вядомы ксёндз, прыклад якога, паводзіны і праца схіляюць да думкі: "Я бы хацеў гэтак жа". Асабістыя прыклады могуць змяняцца на працягу нашага ўласнага развіцця -- гэта ясна. Тым не менш, калі хтосьці здольны бачыць сваё жаданне стаць святаром больш канкрэтна, то атрымлівае чарговы знак для распазнання свайго шляху.

Той, хто не адчувае прывязанасці да Касцёла, хто не ўгрунтаваны ў ім, можа сустрэцца з сур'ёзнымі праблемамі, калі захоча перанесці сваё пакліканне ў сферу практыкі. Для такого чалавека гэта перасцярога: быць можа, ён лётае ў аблоках.

ДУХ СЛУЖЭННЯ

Можа, хтосьці здзвіўся б, калі б пачуў, што дакументы Касцёла называюць духавенства "службовым святарствам". Бо часцей мы чуем пра святарства іерархічнае. Аднак любімай формулай Другога Ватыкансага Сабору было менавіта "службовае святарства". Яна мае вельмі простае абгрунтаванне: святарства службовае, паколькі святары атрымліваюць пасвячэнне, каб служыць вернікам. Менавіта таму некаторыя духоўныя айцы, што суправаджаюць клерыкаў у семінарыях падчас распазнання паклікання, сцвярджаюць: найлепшай формай душпастырскай практыкі будзе тая, што правярае гатоўнасць да служэння. Іншымі словамі, шпіталь, дом састарэлых ці хоспіс -- месцы значна лепшыя для распазнання паклікання, чым парафія ці школа. Там правяраецца, ці будучы душпастыр будзе пахнуць сваімі авечкамі, аб чым нагадвае папа Францішак.

Але ўсё гэта не толькі пабожныя абагульненні. Шмат маладых людзей задумваецца, ці не з'яўляецца тое, што яны ўспрымаюць як пакліканне да святарства, формай пабегу вымаганняў жыцця? Сапраўды, сацыяльны прэстыж і матэрыяльны статус святара сёння ўсюды зніжаецца, хоць гэты шлях усё яшчэ гарантуе бяспеку і стабільнасць. Як жа праверыць, ці чыстыя мае матывацыі? Менавіта тут рашаючае значэнне маюць адносіны да служэння. Той, хто мае падобнае прагненне, не стане ўцякаць ад цяжкасцяў жыцця. Зусім наадварот -- з усёй свядомасцю выйдзе ім насустрач.

ЛЮБОЎ ДА САКРАМЭНТАЎ

Варта яшчэ раз вярнуцца да тэкстаў Другога Ватыканскага Сабору. "Дэкрэт аб паслузе прэзбітэраў", уводзячы падзел на паўсюднае і службовае святарства, вельмі проста тлумачыць, у чым заключаецца службовасць другога: "Пан устанавіў некаторых слугамі, каб у супольнасці верных моцаю пасвячэнняў яны мелі святую ўладу складання Ахвяры і адпушчэння грахоў". Сутнасцю службовага святарства з'яўляецца здзяйсненне сакрамэнтаў і пропаведзь Слова Божага. "Гэта чыніце на маю памяць" (Лк 22, 19), сказанае падчас Апошняй Вячэры; "Каму адпусціце грахі, таму будуць адпушчаны" (Ян 20, 23а), "Прапаведуйце Евангелле ўсялякаму стварэнню" (Мк 16, 15), сказанае пасля Змёртвыхпаўстання, -- гэта найважнейшая частка запавету Езуса, пакінутага Аросталам. Ва ўсіх астатніх заданнях Касцёла святара можа замяніць і свецкі.

Калі хтосьці хоча стаць святаром, бо яго асабліва захапляе праца з моладдзю, ён павінен памятаць, што можа займацца гэтым (таксама і ў Касцёле) без прыняцця пасвячэнняў. Калі хтосьці хоча стаць ксяндзом, бо паглынае яго гарлівасць у справе нясення Добрай Весткі тым, хто не ведае Хрыста, то таксама варта разумець: у евангелізацыйнай місіі Касцёла можна ўдзельнічаць, будучы і свецкім.

Соль святарскага жыцця, галоўны яго змест -- гэта сакрамэнты і Слова Божае. Разважанне над гэтай праўдай -- важны момант распазнання паклікання. Ён можа дапамагчы ўсвядоміць шматлікім людзям, што насамрэч яны імкнуцца ў сваім жыцці не да святарства. З іншага боку, любоў да літургіі, асабліва літургіі Эўхарыстыі, радасць ад удзелу ў ёй -- гэты сур'ёзныя пазітыўныя прыкметы паклікання да Божай службы. Няма нічога выпадковага ў тым, што найбольш пакліканняў нараджаецца з літургічнай службы.

ПАКЛІКАННЕ ДА АЙЦОЎСТВА

У негатыўным сэнсе гэты крытэрый значыць, што святарства не для тых людзей, хто з розных прычын няздольны да стварэння сям'і. Для святара быць айцом значыць перадусім нараджаць веру сярод верных: уласным прыкладам жыцця, малітвы, пропаведдзю Слова Божага. Ксяндзы -- гэта айцы, паколькі, як гаворыць Другі Ватыканскі Сабор, яны збіраюць Божую сям'ю. Заданне святара -- вяртаць людзей да Бога Айца. "Ідзіце за Мною, а Я ўчыню вас лаўцамі людзей" (Мк 1, 17), -- сказаў Езус, клічучы Сымона Пятра і Андрэя. У пазітыўным сэнсе крытэрый паклікання да духоўнага айцоўства азначае быццё пакліканым да лоўлі людзей для Бога.

Айцоўства (таксама духоўнае) -- гэта абавязак браць на сябе адказнасць за іншых людзей, вясці людзей па шляху веры, клопат пра іх і абарона ад небяспек. Іншымі словамі, калі пакліканы да святарства адначасова пакліканы да айцоўства, то ён павінен знайсці ў сабе такія рысы, як ветлівасць да людзей, сталасць духа, ахвоту і ўменне размаўляць, эмацыянальную стабільнасць, асабістую культуру. Пададзены спіс зусім не недасягальны ідэал. Гаворка аб тым, каб той, хто разважае над пакліканнем, быў сталай асобай.

РАЦЫЯНАЛЬНАЯ АЦЭНКА

Як жа? Ці ж пакліканне, калі яно прыходзіць да чалавека з неба, не пераўзыходзіць таго, што можа зразумець наш абмежаваны інтэлект? Ці ж "мудрасць гэтага свету не глупства ў Бога" (1Кар 3, 19а)? Калі мы настойваем, што інтэлект павінен быць задзейнічаны ў ацэнцы паклікання, не ідзе гаворка аб халодным вылічэнні рашэння ісці ці не ісці ў семінарыю. У мінімальным сэнсе гэты крытэрый заклікае ацэньваць пакліканне не толькі з пачуццёвага пункту гледжання. Пачуцці нашыя такія, што рана ці позна яны прамінаюць. Калісьці праміне і суб'ектыўнае пачуцце паклікання. Ці святар, чыё падобнае пачуццё знікла, павінен сцвердзіць, што ён ужо не пакліканы, і вярнуцца ў свет?

Рацыянальная ацэнка паклікання -- рэч двухсэнсоўная, бо вельмі лёгка можа ператварыцца ў рацыянальную ацэнку таго, ці я пасую да святарства. А кожны чалавек у цвярозым розуме, які аказваецца перад абліччам вымаганняў і чаканняў ад святарскай паслугі, павінен сцвердзіць, што не пасуе. Вельмі часта падобныя разважанні становяцца "адмазкай" для аўтэнтычна пакліканых, каб ухіліцца ад голасу Бога. Таму трэба памятаць, што гэты крок не павінен ператварацца ў конкурс талентаў.

З іншага боку, пытанні кшталту "Ці я пакліканы да айцоўства?", "Ці хачу служыць іншым?", "Ці хачу быць лаўцом людзей?" нельга пакінуць суб'ектыўнай ацэнцы таго, што я цяпер адчуваю. Рашэнне пайсці шляхам святарства -- рашэнне ўсяго чалавека. А паколькі наш розум вызначае нашу чалавечую сутнасць, таму розум і павінен уключацца ў працэс прыняцця гэтага рашэння.

АЦЭНКА КАСЦЁЛА

Дзіўным для нас чынам раней выбіралі біскупаў. Калі ў IV стагоддзі паўстала спрэчка паміж арыянамі і католікамі, хто павінен стаць новым біскупам Мілана, на месца зваркі, каб запэўніць супакой, прыбыў намеснік правінцыі Амвросій. Тады ўсе людзі пачалі крычаць: "Амвросій -- біскуп!" І Амвросій стаў біскупам. Гісторыя гэтая не да канца адпавядае сучасным рэаліям. Але выражае важную да сёння праўду: менавіта Касцёл канчаткова выбірае сабе людзей, якія будуць яму служыць. Калі надышоў час дапоўніць лік Дванаццаці пасля здрады і смерці Юды, Пётр разам з Адзінаццацю ўстанавілі крытэрыі прыняцця да свайго кола чарговых вучняў. Гісторыя гэтая паказвае таксама веру, што рашэнні Касцёла суправаджае і пацвярджае воля самога Бога.

У распазнанні паклікання недастатковая толькі мая ацэнка. Павінен пацвердзіць яе і Касцёл, што ў сучаснай практыцы рэалізуе біскуп дыяцэзіі, якому раіць рэктар духоўнай семінарыі. Некаторым гэта здаецца несправядлівым. Сапраўды, няма нічога больш непрыемнага, чым жыць у перакананні, што ты адпавядаеш усім шасці крытэрыям, а ў канцы пачуць ад іншых людзей, што ўсё ж такі не.

Голас сумлення, нягледзячы на яго важнасць, цяжка ўхапіць, а ацэнка Касцёла -- найбольш канкрэтны крытэрый паклікання, вельмі патрэбны святарам. Пачуцці прамінаюць, захапленні таксама. Прыходзяць затое сумненні, ці я пасую, ці здолею, ці не паддаюся нейкай ілюзіі, ці не падманваю сам сябе? Менавіта тады святару прыходзіць на дапамогу факт, што ў свой час Касцёл пазітыўна выказаўся на тэму яго паклікання.

Вядома, каб выбар Касцёла умацоўваў у пакліканні, патрэбны шчырасць і празрыстасць кандыдата да святарства перад абліччам Касцёла (перадусім фарматараў семінарыі) падчас распазнання паклікання ў духоўнай семінарыі.

Паводле кс. Марка Дабжэнецкага

Леніна 16,
225710, г. Пінск, Брэсцкая вобл.

Тэл. для даведак: (0165)65 41 45; +375 256 044 186
Для лістоў: mvds@catholic.by